~~META: title = Кандрат Крапіва — Махальнік Іваноў &keywords = махальнік, Іваноў &abstract = Чытаць байку Кандрата Крапівы "Махальнік Іваноў" &iftrue = nan ~~ ====== Кандрат Крапіва — Махальнік Іваноў ====== Таму ўжо будзе, мусіць, з год,\\ Вучэбную стральбу праходзіла пяхота.\\ Дык вось страляў аднойчы ўзвод\\ Ці, можа, нават рота.\\ А тут раптоўна Шэф вярхом аднекуль — шасць:\\ Цікава паглядзець, а як страляе часць?\\ Ці вока вернае, ці цвёрдая рука\\ Ў чырвонага стралка?\\ Зайгралі "пападзі",\\ Гарыць чырвоны флаг.\\ Стралкі — на лінію. Ляглі ўсе па упорах.\\ Вось выстраліў адзін,\\ Вось разам — пах-пах-пах!\\ I лезе ў нос, і дражніць востры пах\\ (Калісьці Шэф таксама нюхаў порах).\\ Вось скончылі. Адбой.\\ Начальнікі здаволены стральбой:\\ Той тры папаў, той пяць.\\ Ахвота тут і Шэфу пастраляць.\\ Ён пяць патронаў у кішэнь,\\ Нагледзеў лепшую мішэнь,\\ Прылёгшы на упор,\\ I стрэльбу да пляча прыпёр.\\ Зажмурыў вока — бах! Пад носам землю ўзрыла.\\ Другі раз. Гэта ўбок завыла.\\ Яшчэ за імі тры,—\\ Усе "за малаком".\\ — Ах, чорт вас пабяры! —\\ Злуецца Шэф цішком.—\\ Хоць бы адну папаў, а то скандал страшэнны!\\ Але махальнікі падходзяць да мішэні,\\ Давай яму махаць\\ (У іх быў добры нюх):\\ Дзве, тры, чатыры, пяць!\\ У самы, значыць, круг.\\ Шэф хоча вынікі другім праверыць разам,—\\ Махальнікаў назначыў зноў жа тых\\ I ўзяў патронаў... халастых.\\ Дык што ж вы думалі? — ніводнай не прамазаў.\\ Як далажыў махальнік Іваноў:\\ "У цэнтру самую ўсе пяць загналі зноў".\\ І дзіва дзіўнае было там цэлай часці,\\ Што можна з халастых ды "ўсе пяць куль" папасці.\\ А ваенком дык Іванова нават пахваліў:\\ — Ты,— кажа,— Іваноў, сапраўдны падхалім.\\ \\ У падхалімаў так вядзецца век-вяком!\\ Ці б'е начальства ў цэль, ці шле "за малаком",\\ Ды знойдуцца заўсёды Івановы,\\ Што памахаць яму гатовы. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/кандрат-крапіва/ідэйная-накіраванасць-камедыі-кандрата-к]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-байкапісец-ідэйная-накір]] * [[постаці/кандрат-крапіва]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-хто-смяецца-апошнім-анал]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-хто-смяецца-апошнім-гдз]]