Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:кандрат-крапіва:кандрат-крапіва-мандат

Гэта старая версія дакумента!


Кандрат Крапіва — Мандат

Аслу раз выдалі мандат, –
Няйначай, памылкова.

(Такія і ў людзей памылкі – не наўда,

Але аб іх пасля размова).
Ад шчасця гэтага ў Асла
Аж галава кругом пайшла,
I вылецеў з яе апошні розум –

Як п’яны стаў Асёл, хоць быў цвярозым:
Такога ўраз задаў разумнік тону,
Такога шуму нарабіў, такога звону,
Што не спрачаліся жывёлы ані крышку

I палічылі ўсе Асла за шышку.

– Ну й розум! Вось дык галава! –

Не раз гучалі хвалы словы.
Другі дык ледзь не цалаваў

Капыцікі асловы.

А «галава» з мандатам у паўметра

Стаіць над яслямі ў хляве:
Ніводнай думкі ў галаве –

Жуе сабе авёс, псуе сабе паветра.

Пры гэтым бедныя жывёлы
I чхнуць баяцца без дазволу.
Адзін вось толькі Лыска,
Калі Асла пабачыць блізка,
Заўсёды брэша: «Гаў-гуў-гуў!
Цярпець я дурня не магу!»

Ды Лыска той сядзеў на ланцугу.

Бывае іншы раз і з нашым братам,
Што галаву заменьваюць мандатам,
Ды мы справаджваем такіх аслоў

Без лішніх слоў.


1925

Падобныя старонкі

  • кандрат-крапіва/ідэйная-накіраванасць-камедыі-кандрата-к
  • кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-хто-смяецца-апошнім-анал
  • кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-махальнік-іваноў
  • кандрат-крапіва
  • кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-байкапісец-ідэйная-накір
творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-мандат.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki