~~META: title = Кандрат Крапіва — Кукарэку &keywords = кукарэку &abstract = Чытаць байку "Кукарэку" Кандрата Крапівы &iftrue = nan ~~ ====== Кандрат Крапіва — Кукарэку ====== Важак курынай чарады\\ Фарсісты, хоць не малады,\\ Такі быў зух,\\ Што рызыкі хапіла б і на двух,\\ Як прадзеды яго спрадвеку,\\ I ён штодзень галёкаў кукарэку:\\ Перад світаннем, нацямочку,\\ На седале правёўшы ночку,\\ Ён звонкі голас падаваў,\\ Каб, хто жывы, ўставаў.\\ I – дзіва дзіўнае! – як па сігналу,\\ Усё навокал ажывала:\\ Спявалі птушкі у бары,\\ Тарахкалі ў калгасе трактары,\\ На ферму да кароў спяшаліся даяркі, – У рух прыходзіла сяло,\\ I сонца, ўстаўшы з-за гары,\\ Дарыла першы промень яркі.\\ Тут Пеўню ў галаву прыйшло,\\ Што гэта ён такую мае ўладу,\\ Што без яго загаду\\ I сонца б не ўзышло.\\ Ну хто б такому даў бы рады?\\ Натхнёны думкаю такой,\\ Ён храбра вёў курэй на грады,\\ Дзе грэблі цэлай талакой.\\ Калі ж драпежніцкі атрад\\ Аднойчы шуганулі з град\\ I цырымоніцца не сталі,\\ А нават пугай адхвасталі,\\ Ён гэтага не мог сцярпець\\ I даў зарок: – Не буду болей пець\\ Ні досвіткам, ні днём.\\ Няхай жа ўсё спіць мёртвым сном,\\ Пакуль я з годзік памаўчу.\\ Ох, я іх правучу! –\\ I сеў на седала – вучыць.\\ Мінае ноч, а ён маўчыць,\\ Змяняе золак цемру ночы.\\ I спеў птушыны ўжо гучыць,\\ А ён заплюшчыў вочы\\ I маўчыць.\\ Ужо і сонейка ўзышло,\\ Усё навокал ажыло.\\ I злосць і дзіва недарэку:\\ – Ды як жа так! Без кукарэку?!\\ \\ Я раіў бы любому чалавеку,\\ Які часамі рэй вядзе\\ I не ў курынай грамадзе,\\ Не захапляцца ўласным «кукарэку»,\\ Калі ўсе ведаюць напэўна,\\ Што сонца ўзыдзе і без пеўня. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/анатоль-грачанікаў/анатоль-грачанікаў-гусак-і-певень]] * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-храбры-певень]] * [[творы/эдуард-валасевіч/эдуард-валасевіч-сонца-і-певень]] * [[творы/вацлаў-ластоўскі/вацлаў-ластоўскі-пад-старасць-адгукнецца]] * [[творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-певень]]