~~META: title = Кандрат Крапіва — Кормны і надворны &keywords = руды, рудому, свінні, падласы, сказаў, ругу, хляўчук, задам &abstract = Чытаць байку Кандрата Крапівы "Кормны і надворны" &iftrue = nan ~~ ====== Кандрат Крапіва — Кормны і надворны ====== Аб іх скажу я, што магу...\\ Ў адным хляве і берлагу\\ I нават ад адной свінні Радзіліся яны – Адзін Руды, другі Падласы.\\ Пассаць абодва былі ласы,\\ I дружна так яны спачатку Клалі матку, Уплёўшыся за цыцкі ўдвох,\\ А тая ляжа – рох ды рох.\\ Пасля, сумуючы па цыццы,\\ Ў адным капаліся карытцы\\ I разам елі ды пілі –\\ Ну, аднакашнікі былі,\\ Хоць бульбяную елі кашу.\\ Пасля ганялі іх на пашу;\\ Як уцячы ж рабілі спробу,\\ Пастух абодвух пугай сцёбаў.\\ Так цэла лета. Але ўвосень\\ Канец настаў такіх адносін –\\ Ім разлучыцца давялося.\\ – Трэ да ладу прывесці свінні, –\\ Сказаў раз муж да гаспадыні, –\\ Карміць пара, але якога?\\ – Ды ўжо ж няйначай, як Рудога:\\ Рахманы ён і не маркотны\\ I да яды нек больш ахвотны...\\ Заперлі Рудага ў хляўчук.\\ Аднак жа я сказаць хачу,\\ Хоць пад сакрэтам, вам аб гэтым,\\ Што неахайны той хляўчук\\ Рудому здаўся кабінетам.\\ Руды ў пяшчоце дый у ласцы:\\ Штодзень тры разы бульбы ў ражцы\\ Даюць яму, ды шчэ й з мукою –\\ Пайшло свінчо зусім рукою:\\ Руды наш стаў дабёр і гладак,\\ Аж чуць цягае ўжо азадак,\\ Не верыцца, што ёсць і косці,\\ I закруціўся зграбна хвосцік.\\ Зажыў Руды. Але з Падласым\\ Зусім не тое гэтым часам:\\ Наш гаспадар яго акінуў –\\ Падласы еў адну мякіну,\\ Тарчком на ім расло шчацінне,\\ I спачувалі яму свінні,\\ А ён сланяўся й скрыгаў горна,\\ Што лёс зрабіў яго надворным...\\ Раз нешта здарылася цётцы\\ К Рудому не ўшчыніць варотцы.\\ Убачыў гэту рэч Падласы\\ I, каб не траціць марна часу,\\ Рашыў зайсці к Рудому ў госці\\ (Ён ведаў, што Руды не посціць):\\ – Ругу! ругу! – дзень добры, братка!\\ Які ты зграбны стаў ды гладкі!..\\ Што ж не вітаеш ты мяне?\\ – А ты што прэшся ў кабінет,\\ Свіное рыла, без дакладу? –\\ Сказаў Руды і адвярнуўся задам.\\ \\ Нямала ёсць яшчэ брыды, Як той Руды, Што так вітаюцца з «надворным» Задам кормным. \\ 1925 ===== Падобныя старонкі ===== * [[постаці/кандрат-крапіва]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-байкапісец-ідэйная-накір]] * [[творы/кандрат-крапіва/ідэйная-накіраванасць-камедыі-кандрата-к]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-махальнік-іваноў]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-хто-смяецца-апошнім-анал]]