~~META: title = Кандрат Крапіва — Дзіця, Вожык і Змяя &keywords = цаца, дзяўчынка, дзіця, лускі, вожык, змяю, калючы, друг &abstract = Байка Кандрата Крапівы "Дзіця, Вожык і Змяя" &iftrue = nan ~~ ====== Кандрат Крапіва — Дзіця, Вожык і Змяя ====== Выходным днём у саснячку\\ Жанчына з дзіцянём гуляла,\\ Лягла пад сонца, задрамала,\\ А небяспека напаткала\\ Яе маленькую дачку.\\ З узгорка ўніз вядзе сцяжынка, –\\ Ідзе па ёй мая Дзяўчынка\\ Ды ловіць матылькі.\\ А гэтым часам пры сасонцы\\ Гадзюка грэецца на сонцы, –\\ Блішчыць на ёй узор лускі.\\ Дзяўчынка рада: "Цаца! Цаца!"\\ І хоча ўжо рукой хапіць,\\ А "цаца" пачала звівацца,\\ Лісліва, ціхенька сіпіць:\\ – Хачу, дзіця, з табой пасябравацца:\\ Цябе я ласкава, пяшчотна абаўю,\\ Пазнаеш ты любоў маю.\\ Аж раптам тут ля самых ножак\\ Зафыркаў злосна Вожык\\ І кінуўся адважна на Змяю.\\ Змяя ўзвілася бліскавіцай,\\ Зубамі хоча ўпіцца,\\ Мільгае промнямі лускі,\\ А ён, узброены ігліцай,\\ Зубоў змяіных не баіцца\\ І рве Гадзюку на кускі.\\ Дзяўчынка сціснула ад гневу кулачкі,\\ Крычыць на Вожыка:\\ – Пачвара, недарэка!\\ Ты цацу сапсаваў маю!\\ За гэта я цябе наб’ю.\\ Ты – бека!\\ – Дзіця, – адказвае ёй Вожык, –\\ Хоць бека я, калючы, непрыгожы,\\ Але ж я знішчыў смерць тваю.\\ Як падрасцеш, ацэніш ты паслугу\\ І мне падзякуеш, як другу.\\ \\ Дзіця дзіцём – і розум у яго такі.\\ Я не дзяцей тут меў на мэце,\\ А ёсць яшчэ дарослыя дзядзькі\\ На свеце,\\ Што і змяю гатовы прытуліць,\\ Якая іх умее пахваліць.\\ Такім мілей ліслівы гад паўзучы,\\ Чым верны друг, хоць і калючы. ===== Падобныя старонкі ===== * [[постаці/кандрат-крапіва]] * [[творы/кандрат-крапіва/ідэйная-накіраванасць-камедыі-кандрата-к]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-хто-смяецца-апошнім-анал]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-байкапісец-ідэйная-накір]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-махальнік-іваноў]]