~~META: title = Кандрат Крапіва — Дзед і Баба &keywords = баба, каню, возе &abstract = Чытаць байку Кандрата Крапівы "Дзед і Баба" &iftrue = nan ~~ ====== Кандрат Крапіва — Дзед і Баба ====== Ехаў Дзедка на кірмаш, З ім на возе – Баба. Конік з выгляду – дарма, Ды цягнуў ён слаба: \\ Меў не болей двух гадоў, Як суседзі кажуць. Баба ж тая – сем пудоў, Сама меней, важыць. \\ Пад узгорак або ў гразь – Конь насілу возьме. Стала Баба памагаць... Седзячы на возе. \\ Што ж, каню другі гадок. Дык яна – за білы Ды нагамі у перадок Пхне, як мае сілы. \\ – Кінь, дурная, бо зганю! – Дзед тут Бабе кажа. – Ты паможаш так каню, Як хваробе кашаль. \\ – Ах ты, ёлупень стары! – Баба Дзеда лае. – Стой жа тут, хоць ты згары! Мне бяда малая. \\ Потым – гоп яна з калёс, Села ля дарогі, А каня як чорт панёс, – Дзе ўзяліся й ногі! \\ Ва ўстановах часам ёсць Вось такія ж "бабы": Здэцца, й робяць яны штось, Але справы – слабы. \\ Ды такая не ўцячэ! Скажам ёй нарэшце: – Мо без вас было б лягчэй? Паспрабуйце злезці! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/кандрат-крапіва/ідэйная-накіраванасць-камедыі-кандрата-к]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-байкапісец-ідэйная-накір]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-хто-смяецца-апошнім-анал]] * [[постаці/кандрат-крапіва]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-махальнік-іваноў]]