~~META: title = Кандрат Крапіва — Дзве кумы &keywords = кума, кумка, нічога, кажуць, маліцца, богу, чула, кумы &abstract = Чытаць байку Кандрата Крапівы "Дзве кумы" &iftrue = nan ~~ ====== Кандрат Крапіва — Дзве кумы ====== – Ну як жа, кумка, маецца? –\\ Кума ў кумы пытаецца.\\ – I не пытайся лепш, кума:\\ Цяпер жа, ведаеш сама,\\ Што дзень пражыў, то й дзякуй богу;\\ Не міла, кумка, нек нічога,\\ Нічога нек і не на ўме,–\\ Адказвае кума куме.\\ – Канчына свету, кажуць, блізка:\\ Вось, кажуць (чула ж, можа, й ты?),–\\ Радзіла чорта камуністка;\\ Ёсць рогі, хвост і капыты...\\ – Дык як не чуць? Я чула гэта,\\ Расказвала мне цётка Тэкля;\\ Казала, што за гэта лета\\ Чарцей было б тут, як у пекле,\\ Але таго бог не дапусціць –\\ Ён кару на людзей напусціць,\\ Тады народ увесь пагіне,\\ Мо толькі аднаго пакіне\\ На свеце бог ці двух, як Ноя...\\ Каб, здэцца, кумка, нас з табою.\\ – Хадзем маліцца хіба мы,\\ Каб бог грахі нам адпусціў,\\ Каб кары к нам не дапусціў,–\\ Сказалі разам дзве кумы.\\ Пайшлі ў царкву маліцца богу,\\ Таўкуць ілбамі аб падлогу,\\ Аж лоб трашчыць – лупцуюць цёткі,\\ Баяцца згінуць без пары.\\ А гэтым часам плеткары\\ Майструюць новыя ўжо плёткі –\\ Айцу «святому» заработкі.\\ \\ 1923 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-махальнік-іваноў]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-хто-смяецца-апошнім-анал]] * [[творы/кандрат-крапіва/ідэйная-накіраванасць-камедыі-кандрата-к]] * [[постаці/кандрат-крапіва]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-байкапісец-ідэйная-накір]]