~~META: title = Кандрат Крапіва — Далікатныя парасяты &keywords = цётка, дзверы, піск &abstract = Чытаць байку Кандрата Крапівы "Далікатныя парасяты" &iftrue = nan ~~ ====== Кандрат Крапіва — Далікатныя парасяты ====== Няхай не слухае, каму не міла,\\ А я тут расказаць хачу,\\ Што ад людзей нядаўна чуў:\\ Як Цётка парасят карміла.\\ Не ведаю – у будні дзень ці ў свята,\\ Пусціла ў сенцы Цётка Парасяты,\\ Ім замяшала есці\\ Ды на хвілінку выйшла дзесьці.\\ Вярнулася яна і стала ля парога спужана:\\ Памыяў на падлозе лужына,\\ I цеста ўсё парыта,\\ I бруд кругом каля карыта.\\ Тут, раззлаваўшыся без меры,\\ Кабета адчыніла дзверы\\ Ды аблавухіх панічоў\\ Давай шалёстаць скарачом.\\ Калі ж наробяць яны піску!\\ Ну – рэжуць іх, няйначай.\\ На піск на той здалёк і зблізку\\ Набегла шмат радні свінячай,\\ I парасячы піск не чуцен у свінячым гудзе:\\ Наставіўшы хібы і папусціўшы пену,\\ На дзверы лезуць і на сцену.\\ Іх ледзьве адагналі людзі.\\ \\ Дык вось, браткі,\\ Калі такія свінюкі\\ (А свінюкоў нямала ёсць на свеце)\\ Ды завядуцца ў сельсавеце\\ Ці ў кааператыве ў вас, –\\ Ганіце вон, на мой адказ.\\ \\ 1926 ===== Падобныя старонкі ===== * [[постаці/кандрат-крапіва]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-хто-смяецца-апошнім-анал]] * [[творы/кандрат-крапіва/ідэйная-накіраванасць-камедыі-кандрата-к]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-байкапісец-ідэйная-накір]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-махальнік-іваноў]]