Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:кандрат-крапіва:кандрат-крапіва-брама-неўміручасці

Гэта старая версія дакумента!


Аналіз камедыі Кандрата Крапівы "Брама неўміручасці"

У 1972 г. Кандрат Крапіва закончыў напісанне фантастычнай камедыі «Брама неўміручасці», якая стала вынікам усёй папярэдняй яго творчасці — і не толькі драматургічнай. Гэты твор сямідзесяцішасцігадовага пісьменніка не быў звычайнай сенсацыяй. Глыбінёй зместу вызначаліся і ранейшыя яго п'есы, а «Брама неўміручасці» ўразіла выразным касмізмам, глабальнасцю праблематыкі. Разам з тым гэта абсалютна беларускі твор, з беларускай ментальнасцю дзейных асоб, з цеснай прывязкай да айчынных клопатаў і праблем. У гэтай фантастычнай камедыі фантастычным з'яўляецца толькі адкрыццё вучоным-герантолагам Дабрыянам сакрэту неўміручасці, ва ўсім жа астатнім — поўная рэальнасць. Драматург прапануе ў займальнай, вясёлай форме надзвычай сур'ёзны роздум аб неўміручасці і чалавечнасці, аб духоўных каштоўнасцях сапраўдных і фальшывых.
Гіпатэтычнае адкрыццё неўміручасці дазваляла драматургу стварыць сусальную сцэнічную карціну ўсеагульнага трыумфавання, падарыць гледачам радасную казачку аб сусветным шчасці. Але скептычна-іранічны склад яго розуму прадыктаваў іншую мадэль твора: сатырычную камедыю. I не захацеў аўтар даваць усім неўміручасць, пабудаваўшы на шляху да яе браму. Не вельмі, дарэчы, шырокую. Агромністая чарга ўтварылася каля яе адразу ж пасля паведамлення аб сенсацыйным адкрыцці ў сродках масавай інфармацыі. Але для драматурга-сатырыка не яны цікавыя, а тыя, хто хоча прарвацца ў неўміручасць без чаргі. Пенсіянер з ваенных, казнакрад Дажывалаў, нехта з былых «дзеячаў» Торгала, палітычная правакатарка і даносчыца Застрамілава, міністэрскі бюракрат Скараспей, шафёр-лявак Шусцік, «банкір», «мадам» — усіх і пералічыць цяжка, хто з тым большым імпэтам, чым меншыя падставы, імкнуўся вырваць у спецыяльным камітэце індульгенцыю на вечнасць. I атрымалі яе — у галерэі сатырычных вобразаў, рупна створанай Кандратам Крапівой за доўгія гады творчага роздуму над жыццём.
Паказальна, што пэўныя праблемы ўзніклі і ў станоўчых персанажаў. Святло неўмірчасці, нібы чароўны аўтарскі рэнтген, высветліла ў глыбінях іх душы нешта такое нечакана-патаемнае, пра што яны і самі не падазравалі.
Цікава вырашаны канфлікт камедыі: ён разгортваецца не так паміж адмоўнымі і станоўчымі персанажамі, як паміж прыхільнікамі і праціўнікамі адкрыцця неўміручасці, дакладней, укаранення яе ў рэчаіснасць. Вучонаму Дабрыяну, які быў адначасова і бацькам, і паўпрэдам неўміручасці, давялося выслухаць пярэчанні з пазіцый эканамічных (перанаселеная Зямля не здолее ўсіх пракарміць), біялагічных (без эвалюцыі, якая немагчыма без нараджэння і смерці, усе жывое выраджаецца), сацыяльных (неўміручасць адрадзіла няроўнасць, раскалола грамадства на выбраных і ізгояў). Чалавецтва аказалася не гатовым для вечнага жыцця, пра што заўсёды марыла. I рэпліка вучонага Абадоўскага: «Няхай жыве смерць», — гучыць не як голас песімізму ці мізантропіі, а як голас розуму. Драматург прыходзіць да парадаксальнага вываду: не ўсякі навуковы прагрэс нясе карысць чалавецтву. Аднак праціўнікам навуковага пошуку ад гэтага ён не становіцца, а вось папярэдзіць вучонага аб адказнасці за яго адкрыцці ён лічыў за свой грамадзянскі абавязак.
«Брама неўміручасці» стала для Кандрата Крапівы п'есай-пераадоленнем ранейшай творчай манеры, звыклых выяўленчых прыёмаў. Характэрна, што гэта пераадоленне не адэкватна адмаўленню: у тыпалагічным плане паміж «Брамай неўміручасці» і ранейшымі п'есамі драматурга засталося вельмі многа агульнага. Для характарыстыкі персанажаў, напрыклад, ён выкарыстоўваў улюбёны свой прыём паступовай дэталізацыі. Сур'ёзнасць задумы і глыбіня праблем не прымусілі драматурга адмовіцца ад шырокага выкарыстання гумарыстыкі ў спалучэнні з сатырычным асмяяннем.

Падобныя старонкі

  • кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-хто-смяецца-апошнім-анал
  • кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-махальнік-іваноў
  • кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-байкапісец-ідэйная-накір
  • кандрат-крапіва/ідэйная-накіраванасць-камедыі-кандрата-к
  • кандрат-крапіва
творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-брама-неўміручасці.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki