~~META: title = Кандрат Крапіва — байкапісец. Ідэйная накіраванасць баек, іх мастацкія асаблівасці. Сатыра і гумар у байках &keywords = Кандрат, Крапіва &abstract = Кандрат Крапіва — байкапісец. Ідэйная накіраванасць яго баек, іх мастацкія асаблівасці. Сатыра і гумар у байках &iftrue = nan ~~ ====== Кандрат Крапіва — байкапісец. Ідэйная накіраванасць баек, іх мастацкія асаблівасці. Сатыра і гумар у байках ====== Пра адметную асаблівасць і байкі як жанру, і сваёй творчасці таксама найлепш сказаў сам байкапісец і драматург [[постаці/кандрат-крапіва|Кандрат Крапіва]], растлумачыўшы да ўсяго і сэнс свайго [[слоўнік/псеўданім|псеўданіма]]: Хто сустрэўся быў са мною,\\ Дакрануўся раз ці два,\\ Дык той ведае ўжо, хто я:\\ Я — пякучка-крапіва. Кандрат Крапіва (K.K. Атраховіч) паставіў перад сабой мэту "ўмяшацца ў жыццё і сёе -тое ў ім падправіць". Кожны творца тую ж самую мэту рэалізуе і той жа мэты дасягае па-свойму, адпаведнымі яго таленту сродкамі. Для Кандрата Крапівы такім сродкам, дзейснай зброяй, здольнай патрапіць ва ўсё і ўсіх, што патрабуе ўмяшання і выпраўлення, з'яўляецца сатыра — злы, здзеклівы смех. А жанры, у якіх гэтай зброяй можна патрапіць у"дзесятку", — [[слоўнік/фельетон|фельетоны]], [[слоўнік/памфлет|памфлеты]], сатырычныя вершы і байкі. Абібокі, прыстасаванцы, падхалімы, п'яніцы, махляры, самаўпэўненыя і пыхлівыя дурні — вось аб'екты крапівінскага таленту. Дурань перастае быць ваяўнічым і небяспечным, калі яго дасціпна высмеяць.\\ Аднак байка да ўсяго яшчэ і філасофскі жанр. Мудрасць у байцы выяўляецца не наўпрост, а іншасказальна — алегарычна. [[слоўнік/алегорыя|Алегорыя]] — іншасказанне, перадача думкі і абстрактных паняццяў праз прадмет (адушаўлёны ці неадушаўлёны) ці слоўна-вобразны знак: хітрасць — праз вобраз лісы, упартасць — праз вобраз асла. Раскрыць алегарычны сэнс байкі — гэта і значыць акрэсліць яе ідэйную накіраванасць.\\ У вобразе дыпламаванага Барана сатырык высмеяў ваяўнічую шэрасць і дурасць, ахвочую да розных знешніх "атрыбутаў" яе "выключнасці": званняў, дыпломаў, пасад, чыноў. У вобразе махальніка Іванова — самую агідную якасць чалавека: страту чалавечай годнасці, халуйства і падхалімства. У вобразе Бабы, што стала "памагаць... седзячы на возе", — бюракратаў, якія пазашываліся ў кабінетах і з усяе сілы імкнуцца пераканаць усіх у сваёй кіпучай дзейнасці, а на самай справе толькі перашкаджаюць працаваць іншым. Яны — пухіры на целе народа, яго крывасмокі. Без такіх бы "каня як чорт панёс", а з імі — воз ні з месца.\\ У вобразе саманадзейнага Каня ўвасоблены "да славы прагныя, ды вузкія ў плячах". Такія не ўсведамляюць свайго бяссілля і нікчэмнасці, а вінавацяць усіх навокал ці абставіны, якія быццам перашкаджаюць рэалізаваць іх "выключнасць" і "геніяльнасць".\\ У вобразе [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-ганарысты-парсюк|ганарыстага Парсюка]] паказана ўся небяспечнасць пыхлівых і ганарыстых, бо такія пазбаўлены самакрытыкі, здольнасці бачыць, "што ў самога на лычы". Затое "ганарыстыя парсюкі" вельмі падазроныя, помслівыя: "і так ён Падсвінака грызянуў, што той за сажняў пяць адскочыў".\\ У вобразах палітычнай байкі "[[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-сава-асёл-ды-сонца|Сава, Асёл ды Сонца]]" сатырык "праўду едкіх слоў" адрасаваў не толькі фашысцкім совам і іх хаўруснікам. У байцы наогул паказана барацьба дабра са злом. Перамога ў барацьбе (у тым аптымізм пісьменніка) абавязкова будзе належаць дабру рана ці позна, бо, "каб Сонца засланіць, вушэй асліных мала".\\ I ўсё ж камічнага эфекту, такога, каб "рагатала ўся Беларусь" (як пра тое сказаў [[постаці/іван-навуменка|Іван Навуменка]] ў артыкуле, прысвечаным крапівінскаму таленту), сатырык дасягае толькі, спалучыўшы трапнасць і загадкавасць алегорыі з выдатна створанай камічнай сітуацыяй.\\ Байка — эпічны жанр. Нездарма яе справядліва лічаць сатырычнай камедыяй у мініяцюры. A ў камедыі, як і ў любым драматычным творы, аснова, па словах самога ж Крапівы, — гэта [[слоўнік/канфлікт|канфлікт]]. Без яго твор разваліцца. I для байкі як сатырычнай камедыі ў мініяцюры вельмі важна камічная сітуацыя на трывалым падмурку канфлікту, што вырашаецца й праз маналогі, а часцей — дыялогі.\\ Камічная сітуацыя — гэта тая, у якой "героі" вымушаны выявіць самыя ганебныя свае якасці, бо там для іх ужо падрыхтавана "пастка", не трапіць у якую можна толькі "апублікаваўшы" ўсе свае "даброты". Каб пякучка-крапіва змагла папячы рукі-ногі "многім абармотам", трэба ім палезці "за агуркамі". Кандрат Крапіва —геніяльны майстар і канфліктаў у творах, і камічных сітуацый.\\ Нагадаем толькі самыя кульмінацыйныя моманты камічных сітуацый некаторых баек Кандрата Крапівы і вызначым іх ролю ў дасягненні мэты пісьменніка "сёе-тое ў жыцці паправіць". Але тут здарыўся скандал:\\ Пралезлі праз хамут канёвы персі й ногі,\\ I затрымаўся ён аж ледзь на жываце...\\ ("[[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-саманадзейны-конь|Саманадзейны Конь]]") "Да славы прагныя ды вузкія ў плячах" найлепш выяўляюцца менавіта ў справе, у сітуацыі ўлады, на пасадзе. I тады ўсім становіцца відавочна, што кароль жа голы! Відавочна, што вялізны хамут не мог затрымацца на іх шыі, што воз, якога яны так праглі, нельга пацягнуць з хамутом на жываце. І наш Асёл за працу ўзяўся шчыра:\\ Як можна вушы свае шырай\\ Ён растапырыў распластаў\\ І проці Сонца стаў...\\ ("Сава, Асёл ды Сонца") Праўда, дабро непераможныя, і ўсе намаганні "Сонца засланіць" аслінымі вушамі — марныя. ...Вось толькі сядуў каляіну,\\ Плячом пад кола таркану\\ I к чорту воз перавярну.\\ ("[[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-жаба-ў-каляіне|Жаба ў каляіне]]") Сіле можа супрацьстаяць толькі большая сіла, а "пад кола Жаба не падлазь" — такая філасофія байкі. I дзіва дзіўнае было там цэлай часці,\\ Што можна з халастых ды ўсе пяць куль папасці.\\ ([[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-махальнік-іваноў|"Махальнік Іваноў"]]) Падхалімства, як і зло наогул, — бязмежнае, у падхалімаў няма ніякіх прынцыпаў, маралі. I вось за дурасць гэту\\ Яго вучоным раз празвалі нейк на смех,\\ А каб двара не перабег,\\ На шыю прывязалі мету.\\ — Вось, — кажуць, — і дыплом табе.\\ Што гэта за "дыплом" Баран ні "мя", ні "бэ",\\ Аднак жа перад Кошкаю пачаў ён ганарыцца...\\ ("[[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-дыпламаваны-баран|Дыпламаваны Баран]]") Дурасць і тупасць самі па сабе не існуюць. Яны заўсёды ў пары з пыхай, высакамер'ем — псіхалагічна тонка заўважыў сатырык. I заадно папярэдзіў, што вялікая небяспека ідзе не ад бараноў, а ад бараноў дыпламаваных, не ад дурасці і шэрасці, а ад дурасці ваяўнічай. Ці верыце яшчэ вы, мілыя мае?\\ Ён (Казёл) нават малако даe.\\ ("Сваяўство") Падхалімства, пратэкцыянізм, дыктатура — таксама "жывёлы з аднаго хлява". Мэты іх вядомыя, для дасягнення іх не грэбуюць ніякімі сродкамі і на ўсё гатовы тыя, што вядуць казла да ўлады. Яны будуць пець яму гімны і запэўніваць усіх, што ён нават малако дае.\\ Сатырык папярэджвае, што ў падобных сітуацыях, каб не стаць заложнікам інтрыг, шарлатанства жывёл "з аднаго хлява", важна ўсведамленне, што малако "лепей кароўе".\\ Кампазіцыйна і бытавыя, і палітычныя байкі складаюцца з дзвюх частак: апавядальнай, у якой эфект камізму дасягаецца камічнай сітуацыяй і алегарычнымі вобразамі, і маралі, вываду. Адметнасцю гэтай часткі крапівінскіх баек з'яўляецца трапна сфармуляваная філасофія. Многія ўдалыя, ёмістыя вобразныя выслоўі сатырыка сталі крылатымі: "Каб Сонца засланіць, вушэй асліных мала", "Другі Баран ні "бэ" ні "мя", а любіць гучнае імя", "Як ты свінню ні кліч, яе заўсёды выдасць лыч", "Кіраваць-то ты кіруй, ды не вельмі тузай"; "да славы прагныя, ды вузкія ў плячах", "памагаць, седзячы на возе". ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-хто-смяецца-апошнім-гдз]] * [[постаці/кандрат-крапіва]] * [[творы/кандрат-крапіва/ідэйная-накіраванасць-камедыі-кандрата-к]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-махальнік-іваноў]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-хто-смяецца-апошнім-анал]]