~~META: title = Кандрат Крапіва — Астрыжаны вожык &keywords = мядзведзь, вожык, дабраты, калючак, ліса, Міхал, сабе, гэта &abstract = Чытаць байку Кандрата Крапівы "Астрыжаны вожык" &iftrue = nan ~~ ====== Кандрат Крапіва — Астрыжаны вожык ====== Ва ўладара лясоў Мядзведзя-старажыла Ліса памочніцай служыла:\\ Вяла улік усіх звяроў,\\ Дакладвала: хто жыў-здароў,\\ Хто капытамі налажыў,\\ Хто грызся з кім і з кім дружыў.\\ I хто пра што пішчаў і роў,\\ Хто адабрэння заслужыў,\\ А на каго накладваць кару –\\ Прыносіць у ахвяру, –\\ Ну, адным словам, памагала\\ Мядзведзю кіраваць.\\ Пры гэтым бессаромна лгала,\\ Каб і сабе кавалак уварваць.\\ Што б ні пляла Лісіца-хлус,\\ Мядзведзь усё матаў на вус.\\ Пры рапарце яна сказала раз,\\ Што ўжо даўно яе трывожыць\\ Мясцовы дзікабраз,\\ Іначы кажучы, няўклюда Вожык.\\ Такая патароча,\\ Што знацца з ім ніхто не хоча,\\ Ды як тут сябраваць і ладзіць?\\ Ні дакрануцца, ні пагладзіць.\\ Пакутуе і сам ён, небарак.\\ А па характару ж – дабрак,\\ I каб не гэтыя калючыя драты,\\ Ён быў бы ў нас узорам дабраты.\\ – Калючкі – што! – сказаў Мядзведзь. – Важней нам у нутро глядзець.\\ – Каб тых калючак дзве ці тры,\\ Дык ліха іх бяры,\\ Не стала б настырацца я,\\ А тут жа канцэнтрацыя.\\ I для здароўя гэта шкодзіць.\\ Вы ж бачыце, які ён стаў,\\ I справу б добрую зрабілі,\\ Каб самі з ім пагаварылі.\\ Матэрыял я падбяру.\\ – Ну добра, я пагавару.\\ Скажы, няхай заходзіць, –\\ Мядзведзь прамармытаў.\\ Ліса здаволена: Міхал Патапыч\\ Пагаварыць патрапіць.\\ I сапраўды – у хуткім часе\\ Гаворка тая адбылася.\\ Была яна сардэчнай і лагоднай\\ Аб вопратцы нязграбнай і нямоднай,\\ Якую недарэчы\\ Прастак надзеў сабе на плечы,\\ Хоць лепш яму б дублёнка падышла.\\ Як Вожык гэта ўзяў на веру,\\ Цырульнікі, старанныя не ў меру,\\ Яго пад нуль астрыглі, дагала,\\ I ён Лісе дастаўся на вячэру.\\ Вось так змяняў ён сваю шубу\\ Сабе на згубу.\\ \\ Яго наказ вам, вожыкі-браты:\\ Не разяўляйце вы раты,\\ Як хочуць вас зрабіць узорам дабраты,\\ Асцерагайцеся лісіных штучак,\\ Каб не застацца без калючак.\\ \\ 1981 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-хто-смяецца-апошнім-анал]] * [[творы/кандрат-крапіва/ідэйная-накіраванасць-камедыі-кандрата-к]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-байкапісец-ідэйная-накір]] * [[постаці/кандрат-крапіва]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-махальнік-іваноў]]