~~META: title = Казімір Камейша — Сорак трэці &keywords = сорак, трэці, бот, год, памер, рука, вайне, кладзецца, шлях &abstract = Верш Казіміра Камейшы "Сорак трэці" &iftrue = nan ~~ ====== Казімір Камейша — Сорак трэці ====== Я прыкметам не занадта веру,\\ Але ж іх прыдумаў сам народ.\\ Боты сорак трэцяга памеру\\ Выдаў мне мой сорак трэці год.\\ \\ Быццам ён, і праўда, нечым меціў,\\ Як зімова нарадзіў мяне,\\ Год мой партызанскі сорак трэці,\\ Найсірочы самы на вайне.\\ \\ Сніцца мне сама вайна, бывае.\\ Згубіць нешта памяць – ёсць у снах.\\ Па хадзе я нават адчуваю:\\ У падэшвы б’е і б’е яна.\\ \\ Метаю пазначаны на меце,\\ Міны абыходзіў чуйны бот.\\ І глядзіць мне ў вочы сорак трэці,\\ Самы сорак страшны ў свеце год.\\ \\ Ну а шлях мой быў зусім не гладкі –\\ Праз карчэўе, яміны і брук.\\ І рака хавала часам кладку,\\ Кій спагадны выбівала з рук.\\ \\ То бяда з-пад купіны змяінай\\ Гэтак блізка ў твар мой зазірне\\ І глядзіш, за нейкую хвіліну\\ Апынешся зноў на той вайне.\\ \\ А ідзеш, пакуль табе ідзецца,\\ Ветру падстаўляючы шчаку,\\ Дзе хоць і не коратка, а рвецца,\\ Сорак трэцім годам след кладзецца\\ На старым пушчанскім бальшаку.\\ \\ Тупае памер мой сорак трэці,\\ Семдзесят якраз адмераў вёрст.\\ А ў запасе колькі ці ў прыкмеце –\\ Гэтага не скажа вам узрост.\\ \\ Праз грахі ступае ён і страты,\\ Праз давер і чыйсьці недавер.\\ Толькі б вам не наступаў на пяты\\ Сціплы сорак трэці мой памер.\\ \\ Што згубіў, таго гадам не ўкрасці,\\ Што знайшоў, аддам і напавер.\\ Як жа быць, калі ў бяды і шчасця\\ Сорак трэці той жа ўсё памер?\\ \\ Бот мой быў не мудра змайстраваны.\\ У шаўца былі свае заганы:\\ Трэслася рука, падводзіў зрок.\\ Хоць ваенным громам падкаваны,\\ Дратвай выбуховай падшываны,\\ Але ціха мой кладзецца крок.\\ \\ Недзе спатыкнецца, млее часта,\\ Бот мой мае звычкі ўсе мае.\\ Але й тым найдарагім, блішчастым,\\ Зайздрасці, я ж бачу, паддае.\\ \\ Беліць доля шлях мой мелам белым.\\ Ну а я хачу яе маліць:\\ Хай усё маё, што мне балела,\\ Тым, хто йдзе за мною, не баліць!.. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/казімір-камейша/казімір-камейша-камень-ля-вёскі-камень]] * [[ibdc.ped>тураў-3838]] * [[ibdc.ped>званы-хатыні]] * [[творы/казімір-камейша/казімір-камейша-ганчары]] * [[творы/казімір-камейша/казімір-камейша-першы-снег]]