Казімір Камейша — Камень ля вёскі Камень

Гэта не камень,

а чаравік.

А хто забыў яго?

Сам ледавік.

Гэта ж ён пеша

тупаў здалёк,

Сляды-каменні

здалёк

валок.

I раптам ён чуе

спеў салаўя.

Пусціўся у скокі:

– Ух, я!..

Ён так чаравікам сваім

грымеў,

Аж прарок Ілья

ў калясніцы нямеў.

Там, дзе скакаў ён,

прыблуднік той,

Засталіся крушні

ляжаць гарой.

Стаміўся нарэшце:

– Ох ды ох!..

I ўслед ляцела:

– Каб ты каменем лёг!

Ён пачуў тыя словы.

I не лёг, а прысеў

На пушчанскай

вузенькай паласе.

Расшчапіў на шыі

каменны аплік,

Зняў каменнай рукою

валун-чаравік.

I забыў пра яго,

не вяртаўся назад –

Было цяжару

і так зашмат.

Ішоў заваёўнік

дарогаю той,

Спыніў чаравік яго:

– Ты хто?

Спыніўся прыблуда,

потым прысеў

На пушчанскай

вузенькай паласе.

…Знік ледавік,

заваёўнік знік.

Засталіся сляды

і яшчэ – чаравік.

Падобныя старонкі