~~META: title = Казімір Камейша — Ганчары &keywords = збанок, рука, печы, жывы, зарана, гліне &abstract = Чытаць верш Казіміра Камейшы "Ганчары" &iftrue = nan ~~ ====== Казімір Камейша — Ганчары ====== Замесяць гліну, нібы цеста.\\ Глядзіш, і гліны не пазнаць.\\ I чуеш, што ў руках ёй цесна,\\ На волю просіцца яна.\\ \\ Нібыта дыхае між пальцаў\\ Жывы і цёплы камячок.\\ Рука бывалага пушчанца\\ Не пашкадуе плескачоў,\\ \\ Пакуль не зробіць паслухмяным,\\ Зусім падатлівым яго.\\ Але у печ яшчэ зарана,\\ Яшчэ зарана у агонь.\\ \\ Яго кладуць на круг ганчарны:\\ Няхай пакружыцца усмак.\\ I вось у танцы незвычайным\\ Адчайна кружыцца камяк.\\ \\ Спачатку выцягне ён шыю,\\ Пасля раздасца у баках.\\ I рысы свежыя, жывыя\\ На гліне выведзе рука.\\ \\ Пасля ганчар яго пагладзіць.\\ I, закасаўшы рукавы,\\ Ён ручку, як руку, прыладзіць.\\ Збанок, і праўда, як жывы.\\ \\ Пара яго і ў печ адправіць.\\ Ён урачыста едзе ў печ.\\ Яго суседзі злева, справа\\ За ім стараюцца паспець.\\ \\ Ён возьме ў полымя трываласць.\\ I будзе печы ўдзячны ён,\\ Што гартавала, глянцавала\\ I ў сценкі пасяліла звон.\\ \\ А з печы выплыве, – аж ззяе.\\ Хвала і гліне, і майстрам!\\ Жыве збанок, збанок спявае\\ На далані у ганчара. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>званы-хатыні]] * [[творы/казімір-камейша/казімір-камейша-камень-ля-вёскі-камень]] * [[ibdc.ped>тураў-3838]] * [[творы/казімір-камейша/казімір-камейша-першы-снег]] * [[творы/казімір-камейша/казімір-камейша-метрабудаўцы]]