~~META: title = Зоська Верас — Чараўніца &keywords = Чараўніца, далёкай, край, зачаравала, смех &abstract = Апавяданне Зоські Верас "Чараўніца" &iftrue = nan ~~ ====== Зоська Верас — Чараўніца ====== З далёкай Поўначы, з краю вечнага снегу і лёду, парай белых касматых мядзведзяў, спавітая ў белыя пуховыя тканіны, прыехала да нас Чараўніца. Зачаравала воды нашай мілай Зямелькі, і зрабіліся яны камянямі празрыстымі. Зачаравала лясы нашы, і заснулі яны сном глыбокім. Патрэсла шырокімі рукавамі сваёй пуховай вопраткі, і пакрыліся палі нашы снежнай беллю. І лёг наш край пад нагамі Чараўніцы белы... ціхі... задуманы. Рада яна са свае моцы, усміхнулася смехам ясным, хоць халодным, і ад гэтага ўсмеху заіскрылася ўсё кругом цэлым морам брыльянтаў шматкалёрных. І стаіць сярод гэтага мора белі і бляску магутная, грозная, хоць прыгожая, ды бязлітасная. Госця наша штогодняя з далёкай Поўначы – Чараўніца-Зіма. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/кастусь-жук/кастусь-жук-снежань]] * [[ibdc.ped>зімой-у-лесе]] * [[творы/кастусь-жук/кастусь-жук-беларуская-зіма]] * [[творы/цішка-гартны/цішка-гартны-зімовы-вечар]] * [[творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-на-каньках]]