Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:зоська-верас:зоська-верас-прыйшла-вясна

Гэта старая версія дакумента!


Зоська Верас — Прыйшла вясна

І

Хоць мароз яшчэ парою дакучаў ды і снег яшчэ не зняў з зямлі сваёй белай посцілкі, але ж сонейка неяк мацней ужо грэла і залівала ціхія палі і сенажаці.
Яго магутныя прамяні ўпалі і на страху Янкавай хаткі і нават заглянулі праз акенца ўсярэдзіну. Янка адчуў іх цёплую ласку, зразумеў ціхі прызыў і, хуценька апрануўшыся, выбег у садок.
Там яго бацька ўважна аглядаў кожнае дрэва. Ён адпілоўваў сухія непатрэбныя галінкі, а пасля ачышчаў пні і грубейшыя сукі ад моху.

ІІ

Угледзеўшы Янку, бацька весела крыкнуў:
– Што, сынок, сустракаць вясну выйшаў?
– А дзе ж тая вясна? Снег усюды ляжыць. Ды яшчэ гэтак сцюдзёна, – маркотна адказаў Янка, паціраючы пачырванелыя ручкі.
– Пачакай, сынок, будзе ўжо цёпла і хораша, – сказаў бацька. – Кожны дзень вясна да нас набліжаецца. Вось з гэтых пучкоў, што бачыш на дрэвах і кустах, вырастуць зялёныя лісточкі. Палі зазелянеюць. Як толькі сыдзе снег з лясных узгоркаў, глянуць на нас з-пад кустоў ляшчыны сіненькія вочкі пралесак. Помніш, колькі іх было летась?
– Я помню, помню, татачка. Дык як закрасуюць пралескі, то ўжо будзе вясна? – пытаўся Янка.
Ён пастаяў яшчэ крыху, падумаў ды пайшоў дахаты.

ІІІ

У наступныя дні надвор’е было вельмі кепскае. Дробны дождж барабаніў у вокны ад раніцы да вечара, а вецер згінаў дрэвы аж да зямлі. Доўга прыйшлося сядзець Янку ў хаце. Аж нарэшце аднае раніцы сонейка неспадзявана выглянула з-за хмар. Хлопчык выбег у садок. Якая перамена! Як цяпер інакш усё выглядала! Снегу не было нідзе ні крышку. Праз жоўтую леташнюю траву прабівалася ўжо свежанькая зялёная траўка. Кусты агрэсту пакрыліся маладзенькімі лісточкамі.
Высока ў небе звінеў жаўранак. А на страсе адрыны стаяў бусел.

Падобныя старонкі

  • абуджэнне-3649
  • сустрэча-вясны
  • якуб-колас/якуб-колас-вясна
  • гуканне-вясны
  • прыход-вясны
творы/зоська-верас/зоська-верас-прыйшла-вясна.1755861677.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:21 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki