~~META: title = Зоська Верас — Прыйшла вясна &keywords = янка, снег, палі, бацька, вясна, зямлі, сонейка, садка, сынок, раніцы &abstract = Апавяданне Зоські Верас "Прыйшла вясна" &iftrue = nan ~~ ====== Зоська Верас — Прыйшла вясна ====== **І** Хоць мароз яшчэ парою дакучаў ды і снег яшчэ не зняў з зямлі сваёй белай посцілкі, але ж сонейка неяк мацней ужо грэла і залівала ціхія палі і сенажаці.\\ Яго магутныя прамяні ўпалі і на страху Янкавай хаткі і нават заглянулі праз акенца ўсярэдзіну. Янка адчуў іх цёплую ласку, зразумеў ціхі прызыў і, хуценька апрануўшыся, выбег у садок.\\ Там яго бацька ўважна аглядаў кожнае дрэва. Ён адпілоўваў сухія непатрэбныя галінкі, а пасля ачышчаў пні і грубейшыя сукі ад моху.\\ **ІІ** Угледзеўшы Янку, бацька весела крыкнуў:\\ – Што, сынок, сустракаць вясну выйшаў?\\ – А дзе ж тая вясна? Снег усюды ляжыць. Ды яшчэ гэтак сцюдзёна, – маркотна адказаў Янка, паціраючы пачырванелыя ручкі.\\ – Пачакай, сынок, будзе ўжо цёпла і хораша, – сказаў бацька. – Кожны дзень вясна да нас набліжаецца. Вось з гэтых пучкоў, што бачыш на дрэвах і кустах, вырастуць зялёныя лісточкі. Палі зазелянеюць. Як толькі сыдзе снег з лясных узгоркаў, глянуць на нас з-пад кустоў ляшчыны сіненькія вочкі пралесак. Помніш, колькі іх было летась?\\ – Я помню, помню, татачка. Дык як закрасуюць пралескі, то ўжо будзе вясна? – пытаўся Янка.\\ Ён пастаяў яшчэ крыху, падумаў ды пайшоў дахаты.\\ **ІІІ** У наступныя дні надвор’е было вельмі кепскае. Дробны дождж барабаніў у вокны ад раніцы да вечара, а вецер згінаў дрэвы аж да зямлі. Доўга прыйшлося сядзець Янку ў хаце. Аж нарэшце аднае раніцы сонейка неспадзявана выглянула з-за хмар. Хлопчык выбег у садок. Якая перамена! Як цяпер інакш усё выглядала! Снегу не было нідзе ні крышку. Праз жоўтую леташнюю траву прабівалася ўжо свежанькая зялёная траўка. Кусты агрэсту пакрыліся маладзенькімі лісточкамі.\\ Высока ў небе звінеў жаўранак. А на страсе адрыны стаяў бусел. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>абуджэнне-3649]] * [[ibdc.ped>сустрэча-вясны]] * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-вясна]] * [[ibdc.ped>гуканне-вясны]] * [[ibdc.ped>прыход-вясны]]