~~META: title = Змітрок Бядуля — У жыццёвым змаганні &keywords = Бядуля, змаганне &abstract = Лірычныя мініяцюры і абразкі Змітрака Бядулі. "У жыццёвым змаганні" &iftrue = nan ~~ ====== Змітрок Бядуля — У жыццёвым змаганні ====== Дробненькая мурашка ўзваліла на свае плечы ветачку, у дваццаць разоў большую за сябе. Гэту ветку ёй трэба было з ямінкі занесці ў мурашнік.\\ Каб чалавек ступіў нагой, дык закрыў бы гэту ямінку з мурашнікам разам. Але мурашцы яна здавалася вялікай процьмай, ад якой галава кружылася і вочы мутнелі. Яна карбкалася патроху ўверх.\\ Гэта было ўсё роўна, як бы чалавеку трэба было цягаць на высокую гару цэлую сасну.\\ Не дай Бог зляцець уніз з гэткай махінай — можна сабе і карак зламаць, і душою згінуць.\\ Мурашка трымалася цвёрда, але не вытрывала — здарылася няшчасце, і яна разам з махінай пакацілася ўніз. Яна моцна пабілася, паранілася, наглыталася пылу і, як нежывая, ляжала ў глыбіні яміны, прыціснутая веткай. Здаецца, апошнія мінуты яе насталі…\\ Але праца не цярпела адкладу, пяшчоты і гультайства. Мурашка выбралася як-кольвечы з-пад галінкі, расплюснула вочы, атрэслася і, урэпіўшыся зубамі ў махіну, зноў лезла на гару.\\ Разоў дваццаць здарылася з ёю тое самае няшчасце. Некалькі яшчэ крокаў, і яна была б на месцы, але дзьмухне ветрык, і яна зноў ляціць, як пылінка, у процьму.\\ Пот пакрыў яе. Цела было ў крывавых ранах. Яна цяжка дыхала. Але ў вачох гарэў агонь вялікай цярплівасці і ўпартасці. Дух вялікага асілка жыў у яе грудзях.\\ І вось у дваццаць першы раз пусцілася яна наверх памаленьку, асцярожна, абмінаючы апасныя месцы і няроўнасці на цяжкім шляху. Вочы яе ўпіліся са смагай у даль. Лапкі яе працавалі і працавалі. Бокам скокам, і яна з трыумфам дабралася да мурашніка з патрэбнай галінай.\\ Яна выпаўніла страшэнна цяжкую працу на агульную карысць свайго племені без ніякага шуму, без ніякіх пахвал, як свой натуральны жыццёвы абавязак.\\ \\ 1920 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/леанід-галубовіч/леанід-галубовіч-дзяцінства-пачынаецца-з]] * [[творы/алесь-гарун/алесь-гарун-жыццё]] * [[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-жывеш-не-вечна-чалавек]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-казкі-жыцця]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-бяссмерце]]