~~META: title = Змітрок Бядуля — Тулягі &keywords = Арцёміха, Ганулька &abstract = Чытаць апавяданне "Тулягі" Змітрака Бядулі &iftrue = True ~~ ====== Змітрок Бядуля — Тулягі ====== – Бадай цябе трасца, бадай цябе! – буркнуў Арцём і паставіў апарожненую ўжо пляшку ад гарэлкі на стол.\\ – Ё-о-о чаго з’есці? – вышэй крыкнуў ён п’яным голасам, адвярнуўшыся да згорбленай, забітай горам жонкі, каторая капалася каля прыпечку.\\ – Эй, ліха, кратайся, – бо калі трэсну! – і яго кулак ужо засвістаў у яе над вухам, як ластаўка над сваім гняздом.\\ Арцёміха здаўна ўжо прывыкла да яго лупцоўкі, дык і не старалася б нават выкруціцца, але ў гэты самы момант з шырокага ложка пачуўся слабы, тоненькі галасок:\\ «Піць, мамачка, піць!..»\\ Арцёміха падбегла да ложка, а тым часам Арцём бразнуў дзвярамі і выйшаў.\\ – Даю, Ганулька, даю! – Арцёміха шмыг у сенцы з конаўкай па ваду.\\ Гануля была дзяўчынка гадоў трынаццаці, стройненькая, пекненькая і ўжо каторы год служыла ў аднаго багатага гаспадара, бо бацькі яе чуць самі, дзед з бабай, кутам прахаваліся, – і то яна ім кожны год на каляды грошы аддавала. Цешыліся яны сваёй дачкой, але прылучылася няшчасце. Восенню пры малацьбе Ганулька прастудзілася і захварэла. Адвязлі яе дамоў да бацькоў. Прывялі старога знахара; даў ён ёй нейкія галачкі з хлеба, зелле; купілі ліманаду і пірага ў Соркі, – але нічога не памагала. Кажа яна, што ўнутры нешта паліць і ўсё піць хочацца. Уся яна высахла, як лучына, а вочы, быццам вугалі, гараць. Бывае часам, што з гарачкі яна выкідвае ўсялякія штукі і непрытомна гаворыць.\\ Сягоння яна толькі цяжка стогне, лежачы на сенніку... А праз брудны кавалак шыбіны, перакрыжаванай лучынкамі, прасвечваюцца праменні сонейка, і мнагаколерны пыл тоўстым слупам даходзіць аж да бледнага твару Ганулькі... Пазірае яна на залатыя праменні, і слёзы коцяцца з вачэй... Вось пачала абамлеўшымі ад смагі вуснамі нешта шаптаць ціха, слаба... Маці прыслухаецца, але не можа пачуць нічога.\\ Шэпт усё слабей ды слабей... Гэтаксама шэпча і скрыпка, калі музыка адымае ўжо смычок ад струн.\\ Змоўкла Ганулька...\\ Маці датаркнулася да яе, ажно яна ўжо сцюдзёная, як лёд. Арцёміха не плакала, не галасіла, толькі слаба крыкнула: «ай!» – яна ўжо выплакала за свой век усе свае слёзы.\\ Гэта ведаюць старыя могілкі за вёскай. Гэта ведаюць там разнарослыя крыжы і крыжыкі яе дзяцей: Юзя ўтапіўся, Марылю кабыла забіла, Аагатку яна сама прыспала на ложку. Сцёпка так памёр ад нейкага безгалоўя – мала ж ёсць напасцей у няшчасных, бедных вёсках?\\ . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .\\ Як нарыхтаваная машына, Арцёміха цяпер рабіла ўсё без цікавасці, чула, як на хаўтурах бабы цешылі яе, ківаючы галовамі, сморкаючыся ў хусткі ды прыгаварваючы проста з мосту:\\ – А ты ж бедная, Арцёміха!\\ – А ты ж не вытрымаеш, Арцёміха!\\ – А як жа ты будзеш жыць, Арцёміха!\\ – А ей-ей, Арцёміха, матачка!\\ I шмат нагаварылі гэтакіх слоў, што аж вушы вянулі. Чула Арцёміха, як на хаўтурах шаптункі вялі, што гарэлкі мала, што закусак скупа, што таго-сяго не хапае, але не цікавілася, як бы не пра яе казана...\\ Ачнулася яна толькі тады, як вынеслі дамавіну, як засталася адна, бо знядужала сама пайсці...\\ Азірнулася...\\ I давай сухімі слязамі плакаць і прыгаварваць нараспеў.\\ – А я ж цябе насіла пад сэрцам!\\ – А я ж цябе гадавала, няньчыла, слёзкі выцірала, карміла, адзявала...\\ – Хадзіла на падзённую і аб табе ўсё думала... купляла хустачкі чырвоненькія...\\ – Няхай жа бы ты жыла, і я б табе палатна наткала, я ж ужо кросны прыгатавала...\\ – А я б сама падставіла плечы, каб бацька мяне біў, а не цябе...\\ I, як галубка падстрэленая, білася, кідалася старая Арцёміха.\\ . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .\\ Дзіўнай робіцца душа чалавека ў горы. Чароўным робіцца слова балючага сэрца, даходзіць яно да найвышэйшага хараства і чыстаты, становіцца ўладарным над людзьмі.\\ . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .\\ Плакала старая Арцёміха сухімі слязамі і быццам пяяла:\\ – Зямля-зямелька родненькая!\\ – А ты ж ужо навекі прыкрыла сцюдзёнымі грудкамі Ганульку маю...\\ – А ты яе навекі-навекі схавала ад сонейка!..\\ – Ніколі яна ўжо не адчыніць вочкі ясныя – ніколі-ніколі!..\\ – Hiколi галасочак яе не зазвініць – ніколі-ніколі!..\\ – Хай каршуны кіпцямі рвуць мае грудзі старыя!..\\ – Хай сабакі глымзаюць маё сэрца непатрэбнае!..\\ Зноў заенчыла «ай» і змоўкла. Увайшоў Арцём і ціха сеў. Галагуцкі певень ускочыў на ложак, дзе ўперад ляжала Ганулька.\\ – Кі-ш-ш-ш! Кі-ш-ш-ш! – і не вытрываў...\\ – А бадай цябе трасца, бадай цябе! – крыкнуў ён і дзіка азірнуўся на цёмны кут ля печы.\\ Крыкнуў ён не на бабу сваю, як заўсёды, але на самога сябе. I то не. Крыкнуў ён на свой страшэнны боль, каторы, як бы кляшчамі, абхапіў яго ўсяго...\\ – Бадай цябе трасца, бадай цябе!.. – і паваліўся на мокры гліняны памост і плакаў, як малое дзіцянё... ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-велікодныя-яйкі]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-маці]] * [[постаці/змітрок-бядуля]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-нібы-рупны-араты]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-на-каляды-к-сыну]]