~~META: title = Змітрок Бядуля — Пяць лыжак заціркі &keywords = Бядуля, ложка, зацірка &abstract = Чытаць апавяданне "Пяць лыжак заціркі" Змітрака Бядулі &iftrue = nan ~~ ====== Змітрок Бядуля — Пяць лыжак заціркі ====== — Агата! Агата!\\ — Ну чаго глотку дзярэш?\\ — Скора зацірка згатуецца?\\ — Маеш часу пачакаць трохі, не панясу прадаваць на кірмаш!\\ Яшчэ не паспела яна адказаць свайму Антосю, які ляжаў на пяколку і стагнаў, — не то ад болю, не то ад голаду, — як з усіх бакоў апанавалі яе дзеці — нямаведама, хлопчыкі ці дзяўчынкі, бо яны былі адзеты ўсе ў доўгія да пят кашулькі... Запішчалі яны ўсе ў адзін голас:\\ — Мамка зацільку гатуе!\\ І давай скакаць вакол маці і цягнуць за фартух і спадніцу, як галодныя ваўчаняты.\\ — Мамка, мне дасі!\\ — Мамка, мне дасі!\\ І блішчалі іх галодныя вочы ад радасці...\\ — Ці-і-ха, каб вы скіслі! — крыкнула Агата. — Згатаваць не даюць, хоць ты тут на кавалкі рассыпайся! — і адагнала іх вілачнікам ад прыпечка...\\ Гэта было вясной, якраз у тую пару, калі галадуха пануе па вёсках, калі няма чым і муху накарміць. Апошні запас выйшаў, хоць зубамі ляпай; шчаўя яшчэ нямашака... Горкае цяпер жыццё ў хворага Антося. Ён сам рабіць не можа. Адна толькі жонка працуе на яго і дзяцей.\\ Учора ёй, Агаце, пашанцавала. Яна выенчыла ў суседа фунт мукі на зацірку.\\ Вось і гатуе яна для сямейкі снеданне... У цёмнай малой хатцы вялікае свята...\\ Пазіраў Антось на прыпечак і ціха бурчаў. Ён ведаў, што цяпер Агата валадарніца.\\ Пазіралі дзеткі з-пад цёмнага тапчана на вясёлы аганёк у печы і шушукаліся.\\ Агата ўсё падлівала вады і мяшала зацірку вялікай лыжкай. Нарэшце паставіла на стол.\\ — Гатова! — крыкнуў весела Антось і давай карабкацца з пяколка.\\ — Гатова! Гатова! — запішчалі дзеткі і скакалі, як зайчыкі, да стала, дзе ўжо стаяла вялікая паліўная міска, у якую Агата пераліла зацірку з гаршка. Густы пахучы пар клубіўся над міскай і павялічваў галодны апетыт шчаслівай у гэты момант сям'і.\\ \\ Шчасце не мае сваёй асобнай меркі для ўсіх людзей на свеце, але кожны чалавек мае сваю асобную мерку да шчасця і свой асобны погляд на самое шчасце...\\ \\ І шчаслівая сямейка хваталася за лыжкі.\\ — Ай! Ай! — запішчалі дзеткі.\\ Антось вылупіў вочы і моўчкі давіўся гарачай заціркай.\\ — А каб вас ліханька не ўзяло. Я ж вам казала — не хапайце, бо гарачая! — лаяла іх Агата.\\ Пазіралі, пазіралі яны на гарачую зацірку і не вытрывалі — зноў давай есці... Ажно слёзы каціліся з вачэй. Не з'елі яшчэ і трэцяй часткі, як у хату ўвайшла суседка Сцёпчыха.\\ — Дзень добры!\\ — Дзень добры!\\ — Хлеб ды соль!\\ — Дзе тут хлеб, — зацірку ядзім, просім на снеданне! — кажа Агата.\\ — Ого! На зацірку і я ахвотніца! — адказала Сцёпчыха, і яе галодныя вочы заблішчалі. Узяла лыжку і спрытна падсела да міскі...\\ Спахмурнеў Антось і толькі ніжэй апусціў галаву.\\ «Нам і самім мала», — падумаў ён.\\ З'ела Сцёпчыха адну лыжку і ўзялася за другую.\\ «О, каб цябе!» — хацеў сказаць Антось і ледзь стрымаўся. Дзеткі таксама пачулі небяспеку і, скоса пазіраючы на Сцёпчыху, спрытна запрацавалі лыжкамі...\\ «Тры!» — чуць не крыкнуў Антось, як Сцёпчыха зачэрпнула лыжкай у трэці раз.\\ «Ратуйце! Ратуйце!» — ледзь не плакаў ён, як яна апусціла лыжку ў міску ў чацвёрты раз. А як з'ела пятую, то ўжо міска была пустая...\\ — Разбойніца! — крыкнуў Антось на сваю Агатку, як ужо Сцёпчыха падзякавала і пайшла. — Разбойніца!..\\ — Ці я вінавата, што яна гэткая свіння! — лямантавала Агата.\\ І папсулася свята беднай сямейкі. Спахмурнелі твары.\\ Кожны думаў: «О-го! Каб лепей я з'еў гэтыя пяць лыжак заціркі...»\\ \\ Няшчасце не мае сваёй асобнай меркі для ўсіх людзей на свеце, але кожны чалавек мае сваю асобную мерку да няшчасця і свой асобны погляд на самое няшчасце.\\ \\ 1912 г. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-на-каляды-к-сыну]] * [[постаці/змітрок-бядуля]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-нібы-рупны-араты]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-велікодныя-яйкі]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-маці]]