~~META: title = Змітрок Бядуля — Мяцежнік &keywords = бура &abstract = Чытаць верш Змітрака Бядулі "Мяцежнік" &iftrue = nan ~~ ====== Змітрок Бядуля — Мяцежнік ====== Смерць...\\ Бура...\\ Трывога...\\ Не йдзі...\\ Ой, не йдзі ты,\\ Асілак-юнача!\\ Бо перад табою\\ Страшная дарога,\\ Пагінеш...\\ Пагінеш...\\ Няйначай...\\ Пад небам імчацца чырвоныя коні,\\ Пярун з навальніцай\\ Рагочуць на гонях.\\ I страх\\ I дрыготы\\ Абшар абвілі,\\ Віхорыцца ўсё на зямлі...\\ I кроў...\\ I руіны...\\ Ой, горкая будзе, дзяцюк, твая доля! –\\ Смерць зрэжа касою,\\ Бы кветку-расліну,\\ Груган знясе косці па полі...\\ . . . . . . . . . . .\\ Пайду я!\\ Злавацца!\\ Хмялець!\\ Загарэцца!\\ Ўсім светам магу кіраваць я, здаецца!\\ Як пушчаны некім,\\ Імпэтпай стралой\\ Памчуся ўгару!\\ Над зямлёй!\\ Мне полымя!\\ Крыллі!\\ Я –\\ Сокалам вольным у тыя абшары,\\ Дзе громы ў высотах пуціну прарылі!\\ Сусветнасць\\ Я кіну ў пажары...\\ Хай граюць,\\ Буяюць\\ Віхровыя хвалі!\\ Хай плачуць,\\ Хай скачуць –\\ Ім вольніцу далі.\\ А мора мяцежнае –\\ Маткаю мне.\\ А бура –\\ Ў грудзях у мяне.\\ Я – гнеўны паўстанец!\\ Я – вольны мяцежнік!\\ Я – славай кірую!\\ Я – сонечны воін!\\ Я – гром-зоратканец!\\ Я – з цемрай вячыстай ваюю!\\ Я – волю з жалезных клыкоў вырываю!\\ Я – гнеў гарапашных!\\ Я – злосць агнявая!\\ Я – помста\\ За здзекі,\\ За кроў,\\ За шмат слёз!\\ Мне – крок\\ Ад зямлі да нябёс!\\ . . . . . . . . . .\\ Памчаўся\\ Далёка...\\ Прапаў...\\ I не вернецца смелы\\ Ніколі!..\\ Яго не ўбача ўжо матчына вока...\\ I грудзі парвуцца ад болю.\\ Яму за адвагу\\ Пахвалы не трэба.\\ Яму шлях бунтарскі –\\ Зарніца у небе.\\ Ён –\\ Шчасце,\\ Ён –\\ Мара\\ Адважных людзей.\\ Ён – песня\\ Старых і дзяцей. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-маці]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-велікодныя-яйкі]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-на-каляды-к-сыну]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-нібы-рупны-араты]] * [[постаці/змітрок-бядуля]]