~~META: title = Змітрок Бядуля — Маці &keywords = Бядуля, маці &abstract = Чытаць абразок "Маці" Змітрака Бядулі &iftrue = nan ~~ ====== Змітрок Бядуля — Маці ====== Доўга брыў я па чужых людзях, далёка ад роднай вёскі сваёй. Доўга не бачыў я знаёмых і блізкіх мне людзей, не чуў родных сумных песень...\\ Нацярпеўшыся, заўсёды адзінокі ў цяжкай працы сваёй, я ўздыхаць нават саромеўся, бо чужыя людзі асмяялі мяне з ног да галавы. Не то што з парванай бравэркі маёй жартавалі, але і з праўдзівай душы маёй...\\ Я цярпеў і маўчаў.\\ Як цяжарная гіра, хіліла крывавая крыўда мой крыж; мозг у касцях маіх высах. Нешта смактала кроў маю, і чуў я нейкі гол ас таемны ў поўначы:\\ — Маці старая кліча цябе, чакае пестуна свайго. Па начах не спіць ды ўсё плача: чаму ты аб яе забыўся? Чаму ты яе пакінуў? Тваё поле не арана, благія суседзі каменнямі закінулі межы твае. Нават цыганоў ахвота не прабірае пераначаваць у пустцы тваёй...\\ — Хадзі!.. Маці старая заве цябе дамоў у родны куток... Яна слязамі сваімі абмые твае крывавыя раны... Сівымі валасамі прыкрые апухшыя ногі твае і прытуліць цябе...\\ Вырваўся месяц з-за блакітнай хмаркі, і яшчэ сумней зрабілася мне...\\ Павесіў я торбу на плечы, тужэй аперазаўся, убіў новы цвік у свой новы кій і павярнуўся тварам схудалым да роднага краю... Разлезлі атопкі мае, ногі мае аб вострыя каменні калечыліся...\\ Але кожны кавалак дарогі ўліваў нейкую жудасную асалоду ў душу няшчасную маю, бо з кожным часам блізіўся я да сонейка майго, да маці маёй, да ўбогай вёскі, дзе я радзіўся...\\ I пагоды і непагоды панавалі пад небам...\\ Зайшло сонейка, ды ізноў узышло. Іграў пастух у трубу, дамоў жывёлу гонячы і ў поле гонячы...\\ Вось, дзякаваць богу, знаёмы шырокі гасцінец... Вось тая самая бярозка ля крушні, той самы ўзгорак, дзе жвір капалі, той самы хмызняк ля выгану.\\ Людзі едуць з поля — мяне не пазнаюць. Кажу: «Дзень добры!» — маўчаць.\\ Нейкім агнём напоўнілася душа мая, нешта спёрлася ў горле, і вочы туманам пакрыліся, убачыўшы рабункі ў гаспадарцы маёй. Дзікі крык зарэзанага вырваўся з грудзей маіх, і ў непрытомнасці абхапіў я дрыжачымі рукамі стары, абросшы мохам крыж, каторы ўжо безлічоныя годы стаіць на ўзгорку сярод вёскі...\\ Яшчэ як я малым хлопцам гусей пасціў у аднэй зрэбкай кашулі, быў ён ужо гэткі стары. Цяпер на старасці лет толькі ён адзін прымае мяне, нібы дзіцянё свае... Яшчэ бліжэй прытуліўся я да яго, анямелы...\\ Ой, вялікая ахвяра людскога беспатольнага гора!.. Толькі ты плаціў каханнем за крыўду і здзек!..\\ На шмат крыжах ужо мучылася сэрца мае акрываўленае... Шмат разоў душа мая поўнай смагай піла горкі напітак атручанай несправядлівасці...\\ Шмат магілак выкапаў я ў грудзях сваіх для нявыпаўненых маладых жаданняў і цяпер без нічога астаўся...\\ Доўга я плакаў пад старым крыжам у роднай убогай вёсцы, пакуль ужо і людзям надаела стаяць і дзівавацца, і сабакам брахаць надаела... ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>да-маці]] * [[творы/янка-золак/янка-золак-ода-маці]] * [[ibdc.ped>на-скрыжаванні]] * [[ibdc.ped>сустрэча-з-маці]] * [[ibdc.ped>i-надыходзіць-дзень]]