~~META: title = Змітрок Бядуля — Малыя дрывасекі &keywords = Бядуля, малыя, дрывасекі &abstract = Чытаць апавяданне Змітрака Бядулі "Малыя дрывасекі" &iftrue = nan ~~ ====== Змітрок Бядуля — Малыя дрывасекі ====== Зімовы дзень блішчыць тысяччу агнёў. Люты мароз. Снег пад нагамі скрыпіць, як жывы.\\ Бор атулены ў белую пушыстую світку. Ён стаіць задуменны, як сівы дзед.\\ Грукат дрывасекаў разлягаецца водгаласкамі па ваколіцы.\\ Трах-трах! Трах-трах!\\ Яшчэ здалёк можна было прыкмеціць, як блішчыць пад сонцам піла, а абапал матулі-хвоі мітусяцца, як мурашкі, двое маленькіх хлапчукоў.\\ Яны махаюць рукамі гэтак шпарка, што іх падраныя лахманы расхрыстваюцца і адкрываюць голае цела... Шла ўсё глыбей ды глыбей уядаецца ў сэрца хвоі тра-а-ах! — плазам упала шурпатае дрэва. 3-пад снежнага куродыму ўзняўся працяглы стогн паваленага дрэва-асілка.\\ Малыя дрывасекі — браты. Старшаму — Цішку — дзесяць гадоў, меншаму — Халімону — восем.\\ Іх бацька — кульгавы Цыпрук — сам працаваць не мог.\\ Выпраўляў кульгавы Цыпрук хлопчыкаў да купца ў лес на заработкі. Гэтым кармілася сям'я. Трудна жылося малым дрывасекам.\\ — Добра, што хоць на полудзень маем па кавалку хлеба...\\ Паваліўшы некалькі хвой, хлопчыкі ўзяліся шчыра грызці сухі хлеб. Вочы іх заіскрыліся, шчокі расчырванеліся...\\ — Ого, есці, ого!.. Якая радасць!..\\ Яшчэ не скончылі яны палуднаваць, як узнялася завея, мяцеліца. Застагнаў, закрахтаў хвойнік. Пачаў кружыцца снег. Быццам белыя коні, уздыбіліся гурбы...\\ Усе дрывасекі разбегліся хутка дамоў, а Цішка з Халімонам баяліся, каб бацька не наракаў, што зарана прыйшлі з лесу... Селі пад вялікай хвояй, прытуліліся адзін да аднаго і дрыжэлі...\\ — Баюся! — усхліпваў меншы, Халімон.\\ — Во, дурань, чаго баяцца?! — супакойваў яго большы, Цішка.— Зараз дамоў пойдзем.\\ — Дамоў пойдзем! — шаптаў Халімон. Яны пайшлі.\\ Стагнаў і палохаў бор, але хлопчыкі так-сяк ішлі, а на чыстым полі нічога не відаць было. Гурбы снегу, нібы белыя мядзведзі, качаліся на прасторы, дыхалі холадам ды сыпалі цвёрдым шротам у вочы...\\ Хадзілі-хадзілі, брылі-брылі, але куды — і самі не ведалі...\\ Змарыліся. Агарнула ноч. Снег дайшоў вышэй пояса.\\ — Ляжам! — сказаў меншы, Халімон.\\ — Ляжам! — сказаў большы, Цішка.\\ I ляглі. Моцна-моцна прытуліліся адзін да аднаго. Зрабілася так цёпла...\\ I здаецца ім — сядзяць яны за сталом... Маці радуецца, што прыйшлі... Корміць іх цёплым праснаком... Бацька пазірае на іх добрымі вачамі і лагодна ківае галавой. Пад'елі і паляглі на палок каля печы... Котка лашчыцца да іх, і яны радасна заснулі...\\ . . . . . . . . . . . . . . . .\\ У поўнач усцішылася мяцеліца.\\ Вынырнуў з-за хмар чырвоны месяц. Вакол яго мігацеліся зоркі і пазіралі весела на белую зямлю.\\ Толькі на трэці дзень адкапалі замёрзшых малых дрывасекаў. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/артур-вольскі/артур-вольскі-дзеці]] * [[ibdc.ped>слухайце-адзін-аднаго]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-дзеці-вайны]] * [[творы/эдзі-агняцвет/эдзі-агняцвет-беражы-зямлю-і-неба]] * [[творы/максім-танк/творы-максіма-танка-для-дзяцей]]