~~META: title = Змітрок Бядуля — Лісічка &keywords = скача, лічыць, кліча, байкі, дзетак, жабка, лісічка &abstract = Верш Змітрака Бядулі "Лісічка" &iftrue = nan ~~ ====== Змітрок Бядуля — Лісічка ====== За гарою ёсць даліна,\\ У даліне ёсць вярбіна.\\ \\ Пад вярбінай б’е крынічка,\\ Ля крынічанькі – лісічка.\\ \\ Не прастая – залатая,\\ Ходзіць, бродзіць, байкі бае.\\ \\ Байкі бае, пяе, скача,\\ Бо ёй весела, няйначай.\\ \\ Пяе, скача, кліча дзетак,\\ Кліча дзетак-малалетак\\ \\ На гулянку у гасподу,\\ І дае ім пернік з мёдам,\\ \\ І дае ім булку з макам,\\ І дае ім шмат прысмакаў,\\ \\ І дае ім цацкі-грайкі,\\ Талалайкі, балалайкі.\\ \\ Тут і котачка шкляная,\\ Тут і мышка наліўная,\\ \\ Тут і жабка з белай бляхі,\\ Тут і хаткі, тут і гмахі,\\ \\ Змайстраваныя з паперак\\ Ды з крухмалавых цукерак.\\ \\ Ёсць і зайчыкі са стужак,\\ Ёсць і кошыкі са стружак,\\ \\ З жоўтай гліны чалавечкі,\\ Алавяныя авечкі.\\ \\ Цацак шмат лісічка мае,\\ Колькі іх – сама не знае:\\ \\ Лічыць, лічыць, слепіць вочы,\\ Лічыць, лічыць, балабоча,\\ \\ На пясочку піша лапкай.\\ Раптам знекуль скача жабка.\\ \\ Гэй! – ад лічбаў, ад складання\\ Ані следу, ані звання, –\\ \\ Шурам-бурам разляцеліся,\\ Невядома дзе падзеліся.\\ \\ Ліска блытае рахунак,\\ Кліча дзетак на ратунак.\\ \\ Дзеткі шчыра памагаюць,\\ Бо ўжо грамату ўсе знаюць. ===== Падобныя старонкі ===== * [[постаці/змітрок-бядуля]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-маці]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-нібы-рупны-араты]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-велікодныя-яйкі]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-на-каляды-к-сыну]]