~~META: title = Змітрок Бядуля — Замчышча &keywords = Бядуля, замчышча &abstract = Чытаць абразкі і мініяцюры Змітрака Бядулі. "Замчышча" &iftrue = nan ~~ ====== Змітрок Бядуля — Замчышча ====== Зажадалася людзям жыць вальгатней — і давай будаваць высокае замчышча. Чым глыбей капалі зямлю навокал, тым вышэй расло замчышча.\\ Яно горда падымалася ўверх, усё вышэй і вышэй, нібы хацела надзець сонца на сябе, як карону.\\ І людзі зверху пачалі кідаць уніз каменні. Прымушаны былі людзі ўнізе жыць у тых глыбокіх ямінах, што самі выкапалі: яны самі адышлі ад сонца да цемры.\\ Так ішло пакаленне за пакаленнем. Людзі думалі, што гэтак трэба жыць. А калі маладыя хацелі часам лезці наверх, дык старыя пужалі іх — не лезці на пэўную смерць.\\ А людзі перасталі баяцца смерці і пачалі карабкацца з процьмы. Сыпаліся на іх з вышкі замчышча каменні, каторыя забівалі сотні людзей.\\ На касцях братоў сваіх людзі падымаліся з процьмы і ўгледзелі кавалачак неба і тады толькі даведаліся аб тым, як у іх цёмна…\\ Пры гэтым замчышча рабілася ўсё ніжэй, бо зрываліся з яго каменні, каб забіваць людзей.\\ Ішло змаганне за сонца, за шчасце. Шмат лілося крыві.\\ Ці пабачаць людзі сонца? Ц дойдуць яны да вышыні шчасця?\\ \\ 1920 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-нібы-рупны-араты]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-на-каляды-к-сыну]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-маці]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-велікодныя-яйкі]] * [[постаці/змітрок-бядуля]]