~~META: title = Змітрок Бядуля — Гусляр &keywords = гусляр, Змітра, рэчка &abstract = Чытаць верш Змітрака Бядулі "Гусляр" &iftrue = nan ~~ ====== Змітрок Бядуля — Гусляр ====== А Змітра старога\\ Не трэба прасіці\\ На гутаркі-сходы.\\ Прыходзіць ён першым,\\ Выходзіць апошнім.\\ Ён добра ўсё знае:\\ Як рэчка спявае,\\ Як стогнуць сыр-боры,\\ Як зоркі мільгаюць,\\ Як родзіцца траўка,\\ Як неба ў пажары\\ Мяцеж апранае,\\ Як плача дзяўчынка\\ Па хлопцу па любым,\\ Як тужыць сіротка\\ Па матцы радзімай,\\ Як скачуць вяселле,\\ Спяваюць на полі,\\ Як гора-нядолю\\ Ратай спатыкае,\\ Як парабак горбіць\\ Спіну ў панскім жыце.\\ I любіць без конца\\ Гусляр гарапашных.\\ I струны на гуслях,\\ I струны у сэрцы,\\ Як воклічы ў пушчы,\\ Завуць і варожаць.\\ На кожнае гора,\\ На кожную радасць\\ Знаходзіцца водгук\\ У сэрцы гуслярскім.\\ У словах у шчырых,\\ У словах гарачых,\\ У думках трывожных,\\ У думках бунтарскіх –\\ Крыніца пакуты,\\ Крыніца надзеі.\\ Бо сэрца народу –\\ Мазольнага люду –\\ У грудзях яго б’ецца\\ Арліхаю вольнай.\\ Не мае убогі\\ Ні хлеба – да хлеба,\\ Дык мае ён сытасць\\ У песнях гуслярскіх.\\ Не мае убогі\\ Ні радасці-шчасця,\\ Дык песні гукаюць\\ Да смелых учынкаў.\\ . . . . . . . . . .\\ А Змітра старога\\ Не трэба прасіці,\\ Каб музыкай цешыў, –\\ Не йграць ён не можа,\\ Як жыць без паветра.\\ Ён струн не купляе\\ У краме за грошы –\\ Пад небам, над сонцам\\ Іх многа, іх многа.\\ Іх ветрык у жыце\\ Наладзіць, настроіць,\\ Жаўронкі на крыллях\\ Нясуць яму струны.\\ Азёры і рэчкі\\ Даюць падарунак.\\ Начлежнік прыносіць\\ Паўночныя струны,\\ I парабак панскі\\ Іх тчэ ў сваім сэрцы.\\ Іх мыюць расіцы,\\ Заранкі фарбуюць,\\ Салоўкі іх туляць\\ Да вуснаў дзявочых,\\ Мяцеліцы ўзімку\\ Іх грэюць у путчах.\\ Працягнуты струны\\ Ад хвойкі да хвойкі,\\ Ад рэчкі да рэчкі,\\ Ад поля да поля.\\ Жывуць у грымотах,\\ Маланках і бурах,\\ З пакутнага сэрца\\ Агонь высякаюць. ===== Падобныя старонкі ===== * [[аналіз-і-крытыка/тэма-мастака-і-мастацтва-ў-паэме-янкі-ку]] * [[ibdc.ped>гукі]] * [[слоўнік/гусляр]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-на-каляды-к-сыну]] * [[творы/яраслаў-пархута/яраслаў-пархута-апошні-гусляр]]