~~META: title = Змітрок Бядуля — Ашчаслівіла &keywords = Магдуля, Жаброўшчына &abstract = Чытаць апавяданне "Ашчаслівіла" Змітрака Бядулі &iftrue = True ~~ ====== Змітрок Бядуля — Ашчаслівіла ====== Дылі, дылі дудка\\ Саламяна будка\\ А ў тэй будцы\\ Чэрці вядуцца (//Народная//) Вёска Жаброўшчына ляжыць у адным з самых глухіх куткоў Беларусі. Гэта гняздо ўсіх жабракоў нашай ваколіцы. Тут вядзецца іхняя адукацыя і фабрыкуюцца жабракі для ўсяе ваколіцы. Здаўна жывуць яны тутака сваім асобным жыццём і больш нічым не займаюцца. «Што ж, і гэта праца!» – як яны самі кажуць. Хаткі ў Жаброўшчыне страшэнныя, падгніўшыя, крывыя, з сукаватымі падпоркамі і выглядаюць быццам сівыя жабрачкі, абвешаныя старымі торбамі. Здаецца, «дай! дай!» стогнуць яны ўсякаму рэдкаму падарожнаму.\\ – Дай! дай! – плача там вецер паміж сухастоек на пагорку. Само неба мае там колер мутнага бяльмістага вока сляпога жабрака.\\ Людзі там маюць іншы фасон, іншую фастацыю, чым усюды: розныя храмыя, крывыя, сляпыя, нямыя; калекі на ўсялякія лады, калекцыя розных калек, якія толькі могуць быць на свеце.\\ Кажуць, што большая частка іх нават родзіцца гэткімі. Кажуць, хто мае ў іх большае калецтва, той і фанабэрыцца гэтым і болей шчасліў бывае.\\ – Калецтва – наша саха і барана! – кажуць самі жаброўцы.\\ Дзяцей сваіх яны ў хаце, перад выхадам у свет, навучаюць, як жабраваць, якім голасам, якімі спосабамі, як жаліцца кемна, як выставіць іншым свае калецтва. Некаторыя з іх робяць гэта з вялікім штукарствам.\\ Часам знаходзяць у Жаброўшчыне закапаны ў зямлі гладыш з грашамі – чартоўскім спосабам запрацаваны яны і чорту лысаму застаюцца.\\ Вось у Жаброўшчыне вялікае свята: бязносая дурнаватая Магдуля выходзіць замуж за сляпога Сідаронка, і народ разгульвае.\\ Дайшло да таго, што некаторыя кульгавыя выпрасталі ногі, некаторыя нямыя гаварыць пачалі; проста з панталыку збіліся. Скора кончылася гульня, і жыццё зноў пайшло сваім першым чарадом.\\ Жаброўцы зноў распусціліся, рассеяліся па вёснах, хто скокам, хто бокам; хто каго на каламажцы, як бязногага, павёз, хто са сляпым пацягнуўся – і жаласлівыя кабеты енкі і стогны пачулі.\\ – Дайце, родненькія! Дайце, даражэнькія! Дайце калеку галоднаму, халоднаму! Дайце! Дайце!\\ I даюць.\\ Кабеціна перажагнаецца і апошняе яйцо, якое трымала, каб мыла ў краме купіць за яго, аддае; дае ратай коўш жыта, потам крывавым запрацаваны, бо сабе ўсё роўна мала... «Гэтак трэба рабіць», – думае ён, абціраючы слёзы...\\ Пусцілася дурнаватая Магдуля са сляпым Сідаронкам, дзед з бабай, разам – і якая шчаслівая пара гэта была! На плячах торбы чуць не трэскаліся – гэтак перапоўнены яны былі; анучкі з вузламі розных медзякоў, як вярыгі, абціснулі іх грудзі пад кашулямі.\\ Яны толькі абгаварвалі ды высмейвалі суседзяў сваіх: той кленчыць, быццам у трубу дзьмухае, а гэты смешна пацеры гаворыць; тая ажно лаецца, калі ёй не дадуць, а гэты зусім саромеецца прасіць, асалапень той!\\ I гэтак караталі яны вольныя ад «працы» хвіліны. Найболей смяяліся яны з аднарукага дзецюка Тодара. Малец мае гэткі талент і пайшоў у пастухі!\\ Ці не мог ён, як бацькі яго, торбу надзець ды пайсці ў свет жабраваць?\\ – Золата назбіраў бы; вось дурань – у людзі выйсці не хоча...\\ Магдуля з Сідаронкам пачалі выклікаць зайздрасць у сваіх суседзяў: яны зрабіліся самымі найшчаслівейшымі ў Жаброўшчыне. Ніхто не мог так жаласна енчыць і пяяць Лазара, як Сідаронак; ніхто не мог так манточыць пад вокнамі ды прычытваць, як Магдуля. Самы найгоршы павінен быў даць ім што-колечы... Але «не ўсягды, як на Дзяды», бо шчасце – не палец, у рукі не возьмеш. Вырвалася яно ад іх на час.\\ Справа была вось якая: радзіла Магдуля дачку, і, здаецца, гэта яшчэ лепей, чым добра: будзе памочніца пад старасць. Але як глянула Магдуля першы раз на дачку сваю, дык абамлела на месцы; зірнула другі раз, абмацала яе, абнюхала з усіх бакоў, заламала рукі ды горка заплакала:\\ – А Езус! А Божухна родненькі! Няшчасную дачку радзіла я на свет!.. Што мне рабіць з ёю? Ой, не вытрымаю!.. Якое вялікае гора для маці: ручкі цэлыя, ножкі цэлыя!..\\ Яна голасна прычытвала, перахіляючыся на сенніку над дачушкай, якая плюскалася ў начоўках, дзе бабка Марыся купала яе.\\ – Ніякага калецтва! – стагнала Магдуля. – Хай бы яна хоць у бацьку пайшла ды сляпой радзілася. А то з чаго яна будзе хлеб есці? А Езус, Божухна родненькі!..\\ Пачалі яе суседзі ўцяшаць:\\ – Магда, годзе табе калатырыць. Ну, перастань. Яшчэ невядома, можа, яна глухая ці нямая. Гэта дрэнь, што вочы, як тыя гузікі, тырчаць, а ручкі і ножкі здаровенькія! Эт, будзе яна хлеб зарабляць мо лепей ад нас ды яшчэ бацькам пад старасць паможа – годзе безгалоўе і дурнату нейкую плясці.\\ Магдуля не ўнімалася:\\ – Што ж, матчына сэрца не з жалеза! Нашаму брату, жабраку, калі не маеш напаказ калецтва нейкага, дык ніхто халоднай вады не дасць.\\ – О-ей, – пачалі зноў суседкі, – ёсць чаго шкадаваць! Яна і без жабрацтва карміцца будзе!\\ – Не! Не! Не! – ажно зачырванеўшыся, замахала рукамі Магдуля. – Не хачу ды не хачу! Хай жабруе, як бацькі і дзяды яе. Так якая-сякая праца не заўсёды-то людзям і патрэбна, а жабраваць заўсёды жабруюць!\\ Змоўклі кабеты, бо ў душы яны думалі, што яна праўду кажа. Пагутарылі яшчэ крыху і разышліся па хатах. Гэта было пад вечар. Сідаронак хоць і быў сляпы, але ў хаце сваёй добра ведаў кожны кут I куточак. Цяперака ён падаў вячэраць жонцы і, сам пад'еўшы, выйшаў на двор пагутарыць з суседзямі.\\ «Ат, – думаў ён, – дачушка мяне некалі будзе вадзіць па людзях і лагодненька!»\\ Аб тым, што яна будзе пасля яго смерці рабіць, ён і не падумаў.\\ У хаце асталася Магдуля з дачкой. Спярша стагнала яна, лежачы на сенніку, пасля паставіла вячэру на зэдаль і давай уздыхаць:\\ – Няшчасная! Няшчасная!\\ Праз маленькую брудную шыбіну часам відаць было, як па небе плылі хмары, шэрыя і разарваныя, быццам скуматы парванай торбы жабрацкай. Але скора неба крыху праяснілася, бо хмары пераплылі і залаты бліскучы месяц вынырнуў і глянуў у аконца, абсыпаючы ўсё ў хаце дыяментавым пылам... Цішыню перарывалі толькі глыбокія ўздохі Магдулі. Быццам непрытомная, устала яна з ложка, выняла з ануч дачку і давай зноў азіраць яе. Месяц асвячаў голае дзіцё, якое трапятала ручкамі і ножкамі на руках маці.\\ – Якія вялікія вочы! – шаптала Магдуля, пужліва пазіраючы ёй у вочы, якія ў праменнях месяца блішчэлі, быццам пара маладзенькіх пралесачак.\\ – Як глядзіць! Як глядзіць! – бурчала Магдуля. Палажыла дачку на ложак і сама пайшла шарыць і шукаць па сценах.\\ – Чуць знайшла.\\ Яна трымала нешта бліскучае паміж пальцаў. Зноў узяла дачку на рукі і паднесла к свету да самага аконца.\\ Яшчэ болей заблішчалі вялікія вочы маленькай Магдулінай дачушкі. Здаецца, здзіўлена яны ўглядаліся на красу свайго першага вечара.\\ Але вось Магдуля пачала нешта ёй спрытна ў тварык саваць; дзіцянё пачало плакаць працяжным слабым галаском. Магдуля засаплася, панесла яго скора на ложак, кажучы:\\ – Ашчаслівіла цябе, дачушка мая, даражэнькая мая! Ашчаслівіла!\\ Яна асляпіла вочы дачкі іголкай... ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-нібы-рупны-араты]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-велікодныя-яйкі]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-маці]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-на-каляды-к-сыну]] * [[постаці/змітрок-бядуля]]