~~META: title = Еўдакія Лось — Памяці бацькі &keywords = тата &abstract = Чытаць верш Еўдакіі Лось "Памяці бацькі" &iftrue = nan ~~ ====== Еўдакія Лось — Памяці бацькі ====== ...З доўгіх дошак труну майстравалі,\\ брус дубовы часалі на крыж,\\ у пяску залаценькім хавалі...\\ Тата, тата, як спіш ты, што сніў?\\ \\ Я стаю ля сасны на каленях,\\ ціха вецер калыша траву...\\ Нібы рукі твае, праменні\\ мякка гладзяць мне галаву...\\ \\ *\\ Я прайшла, даражэнькі тата,\\ надта многа дарог на зямлі.\\ А ішлося мне цяжкавата,\\ ды нягоды сагнуць не змаглі.\\ \\ Я над кніжкамі ў цемры карпела,\\ залівалася ў голад слязьмі...\\ Я з бядоты, татуля, хацела\\ выйсці ў людзі і жыць з людзьмі!\\ \\ *\\ Не салгу: памагалі дужыя\\ і слабеншыя, як сама.\\ Абміналі знарок дасужыя,\\ хоць, па праўдзе сказаць, дарма.\\ \\ Маладосць, нібы ранак, займалася,\\ з мірам ехалі з фронту байцы...\\ А ці чуў ты, як не трывалася\\ час ад часу тваёй дачцы?\\ \\ Чуў у полі дубок пакрыўлены,\\ чула цемра нямая:\\ «Тата, тата, мяне пакрыўдзілі,\\ тата, я ледзь жывая!..»\\ \\ *\\ Але можна суцішыць рану,\\ можна з памяці выкінуць злосць...\\ Вось жа я з каленяў устану і пайду,\\ быццам ты ў мяне ёсць!\\ Зноў адчуюць прывычныя ногі\\ прахалоду свайго бальшака.\\ Павароты новай дарогі\\ мне пакажа Ушача-рака...\\ \\ *\\ У людзей былі настаўнікі славутыя,\\ у людзей былі настаўнікі – бацькі...\\ Па табе ж ляжалі кніжкі некранутыя,\\ не трымаліся у пальцах алаўкі.\\ \\ Але ўсё ж, калі не кідае гарэзаю\\ мяне ў працы, дык навука тут твая,\\ хоць не ведаў ты ніякае паэзіі,\\ апроч гэтай: «Дуня – ягадка мая!..»\\ \\ *\\ На куце ты ў мяне не сядзеў,\\ не панела сама на вяселлі...\\ Ён прыехаў з тайгі, дзе гібеў, –\\ хлапчукоўскія сколні у белі...\\ \\ Распісаліся лёгка, без кроз\\ на паперыне, скроенай гладка...\\ Я тады не ўракалася слёз –\\ і яны не канчаюцца, татка.\\ \\ Але хлопчык-сцяблінка расце,\\ бегунок, смехунок нечуваны...\\ Хай жа сядзе ў яго на куце\\ яго тата, у белле прыбраны!\\ \\ *\\ Мне і ў смутку любы долы нашы родныя,\\ мне сіроцтва не глушыла жаўрукоў...\\ А чаму растуць з бацькамі – ды нягодныя,\\ а чаму не цешаць любасцю бацькоў?..\\ Нажылася, ажно горка, як падумаю,\\ як падумаю – дык скора бабін век...\\ А дзяўчынкаю нясу табе бяду маю,\\ самы родны, неўміручы чалавек.\\ \\ 1966 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/мікола-гіль/мікола-гіль-чаго-смяяўся-кот-васька]] * [[творы/мікола-гіль/мікола-гіль-татава-аўтаручка]] * [[творы/васіль-жуковіч/васіль-жуковіч-дзе-прывітанне]] * [[творы/артур-вольскі/артур-вольскі-татаў-родны-куток]] * [[творы/анатоль-грачанікаў/анатоль-грачанікаў-бацька-і-сын]]