~~META: title = Еўдакія Лось — Казка пра ласку &keywords = Ласка, казка, дзяўчынка &abstract = Чытаць "Казку пра ласку" Еўдакіі Лось &iftrue = nan ~~ ====== Еўдакія Лось — Казка пра ласку ====== Ціха, дзеці,\\ Паслухайце казку\\ Пра дзяўчынку харошую –\\ Ласку!\\ \\ Дзе жыве яна,\\ Як выглядае,\\ З кім сябруе,\\ Каму памагае.\\ * * * Неяк Ласку угледзеў\\ Сяргейка,\\ Хоць і слёзы блішчалі\\ На вейках.\\ \\ Захварэў неўспадзеўкі\\ Хлапчына.\\ Сінява залягла\\ Пад вачыма.\\ \\ Парашкі ён глытаў\\ I пілюлі,\\ Смеху хлопчыка\\ Доўга не чулі.\\ \\ I тады да ягонага\\ Ложка\\ Падышла, нібы цень,\\ Басаножка.\\ \\ Падышла неўзаметку\\ Малая,\\ За плячыма –\\ Каса залатая.\\ \\ – Ты Сяргейка?\\ Пытае ласкава\\ I плыве каля ложка,\\ Як пава.\\ \\ – Ты хварэеш?\\ Замучылі лекі?\\ Пацярпі,\\ Не хвалюйся, маленькі!\\ \\ Хочаш – коўдру тваю\\ Я папраўлю!\\ Хочаш – кветак у шклянку\\ Пастаўлю!\\ \\ Каля хворага\\ Без адпачынку\\ Завіхаецца\\ Тая дзяўчынка.\\ \\ Лоб малога пагладзіла,\\ Бровы, –\\ I Сяргейка заснуў,\\ Як здаровы.\\ \\ I ў сне ўжо,\\ Што быў нібы казка,\\ Ён пытае:\\ – Скажы, калі ласка,\\ Хто ты?\\ – Ласка.\\ – Якая?\\ – Такая,\\ Што маленькім\\ Заснуць памагае.\\ \\ – Дык застанься са мной,\\ Мая Ласка!\\ – Я спяшаю ў калгас,\\ Да Тараскі.\\ \\ I, махнуўшы хусцінкаю\\ Белай,\\ Неўпрыкметку пайшла,\\ Паляцела.\\ Ціхі хлопчык\\ Ажно засмяяўся:\\ Ён з хваробай сваёй\\ Развітаўся!\\ * * * Пасварылася з Надзяй\\ Ларыска.\\ I за што?\\ З-за малочнай ірыскі!\\ Да дзяўчынак прыходзіла цёця.\\ Надарыла цукерак блазноце.\\ I дражэ, і «падушак» і «мішак»...\\ Немалое багацце ў малышак!\\ \\ Адно цешся з салодкіх\\ I еш\\ Ды сябровак частуй ты...\\ Дык не ж!\\ \\ Стала крыўдна старэйшай –\\ Ларысцы,\\ Што ў Надзеі –\\ Яшчэ і ірыскі!\\ \\ Вось старэйшая,\\ Каб не журыцца,\\ Адабрала ірыскі\\ Ў сястрыцы.\\ \\ Хто паможа\\ Надзейцы ціхмянай?\\ Хто ёй верне\\ Прысмак адабраны?\\ \\ Можа, цёця?\\ Яна на рабоце.\\ Можа, мама?\\ На працы таксама.\\ \\ Памагла ёй\\ Дзяўчына-краса,\\ За плячмі –\\ Залатая каса.\\ \\ I адкуль яна толькі\\ Ўзялася,\\ Як пазнала,\\ Што спрэчка ўзнялася?\\ \\ На маленькіх нагах\\ Неабутых\\ Падышла да дзяўчынак\\ Надзьмутых.\\ \\ Белай хусткаю\\ Твар абмахнула,\\ На сястрычак\\ Лагодна зірнула.\\ \\ – Я завуся, – гаворыць ім,\\ Ласкай,\\ Вы паслухайце\\ Простую казку!\\ \\ Я прыйшла\\ Ад Сяргейкі-\\ Хварэйкі,\\ Я прыйшла\\ Ад Тараскі-\\ Падпаска.\\ \\ Сумаваў той без ласкі\\ За статкам,\\ Калі ў поле падаўся\\ За таткам.\\ \\ А пасля пабыла я\\ За морам,\\ За бязмежным\\ Блакітным прасторам.\\ \\ Там чакаў мяне\\ Бедны, пануры\\ Хлопчык з чорнаю-\\ Чорнаю скурай.\\ \\ У краіне,\\ Дзе сонца багата,\\ Гэты хлопчык\\ Застаўся без таты.\\ \\ Тату ворагі злыя\\ Забілі,\\ Бо змагаўся ён\\ Супраць насілля.\\ \\ Супраць гора змагаўся\\ Адважна,\\ Клікаў волю\\ Ў свой край неабсяжны...\\ \\ Пацямнелі,\\ Як быццам ад ночы,\\ Васільковыя\\ Ласчыны вочы.\\ \\ Залатую касу\\ Запляла,\\ Пацішэлых сястрыц\\ Абняла.\\ \\ I тады запытала\\ Ларыса:\\ – А як хлопчыка клічуць?\\ – Патрысам.\\ \\ I ўжо шэпчуцца ціха\\ Дзяўчынкі...\\ Ім цяпер\\ Не да прыкрых учынкаў!\\ \\ Трэба другу\\ Пісьмо напісаць,\\ Падарунак яму\\ Пераслаць.\\ \\ I пачула тут госця:\\ «Патрысік!\\ Шлём табе мы салодкіх\\ Ірысак.\\ \\ I дражэ,\\ I «падушак» – малышак.\\ Толькі з’елі мы\\ Некалькі «мішак».\\ \\ З падарункам прымі,\\ Калі ласка,\\ Нашу светлую\\ Шчырую Ласку!\\ \\ Не гаруй,\\ Мы цябе не забудзем\\ I пра татку\\ Раскажам мы людзям.\\ \\ Будзем дружныя мы\\ Між сабою\\ I навек\\ Пасябруем з табою!..»\\ * * * Вось вам, дзеці,\\ I ўся мая казка\\ Пра дзяўчынку харошую –\\ Ласку.\\ \\ Ласка ўсіх вас\\ Пабачыць жадала,\\ Але часу ў яе\\ Дужа мала.\\ \\ А таму покуль стрэнецца\\ З вамі,\\ Будзьце, дзеці,\\ Ласкавыя самі! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/еўдакія-лось/еўдакія-лось-роднай-мове]] * [[творы/еўдакія-лось/еўдакія-лось-маці]] * [[творы/еўдакія-лось/еўдакія-лось-зайчык-выхваляйчык]] * [[творы/еўдакія-лось/жыццёвы-і-творчы-шлях-еўдакіі-лось]] * [[творы/еўдакія-лось/еўдакія-лось-уцякач]]