Данута Бічэль-Загнетава — Шчочку да вуснаў туліць...

Шчочку да вуснаў туліць,
каб таямніцу спытаць:
— Белая Русь, матуля,
гэта дзяўчынка? Так?

Як называецца дзіўна…
Ты пра яе раскажы.
— Белая Русь — радзіма.
Перад табой ляжыць.

Крыкні — яна адгукнецца
звонам гарачых кос.
Кропля з ліста сарвецца,
ускалыхнецца плёс.

Даль захлынецца громам —
Белая Русь запяе.
I азарыцца Нёман —
чыстае вока яе.

Падобныя старонкі