~~META: title = Данута Бічэль-Загнетава — На пляцы пятлі &keywords = пятлі, вільні, кастусь &abstract = Чытаць верш Дануты Бічэль-Загнетавай "На пляцы пятлі" &iftrue = nan ~~ ====== Данута Бічэль-Загнетава — На пляцы пятлі ====== Адна ў заснежаным да зніку краю,\\ забытая, няма ў мяне нікога.\\ Ёсць ты, Кастусь, і я цябе кахаю –\\ у сэрцы – несмяротнага, як Бога.\\ \\ Няпраўду кажуць, што цябе павесілі...\\ А дзе ж тады грудочак надмагільны?\\ Не сцерагуць засценкі, месты, весі.\\ Твой мужны дзень пятлі спаткаю ў Вільні.\\ \\ Збярэцца гурт адчайны, гаманкі,\\ як быццам бы з табой –\\ інтэлігенты –\\ пакуль не сваякі, не інсургенты,\\ збіральнікі надзеі, дзецюкі.\\ \\ У дзецюкоў, сыноў сваіх паверу,\\ у тых, якія вырастуць яшчэ,\\ шчэ не вайстрылі прадзедаў сякеры,\\ ды працінаюць гастрыём вачэй.\\ \\ Абуджаных і са шляхоў не збітых\\ злучыць высокай доляй паспрабуй,\\ Кастусь,\\ прачніся зноў, паўстань з нябыту,\\ вядзі нас на ахвярную сяўбу.\\ \\ Мужыцкай праўдаю загавары\\ да Беларусі ўсёй з высокіх моўніц!\\ У Жаннаў д’Арк змяні сучасных модніц.\\ Свабоды крылы простаюць вятры.\\ \\ Мы не адродкаў племя, мы – народ!\\ Узнімемся ў нябёсы гордым клінам!\\ Ускалыхнёмся сэрцам сакаліным.\\ Даволі наблукаліся ўразброд.\\ \\ З нядолі ўзнімем замчышчы, палі.\\ Скіруем думкі да бунтарскай працы.\\ У Вільні, на пятлі паўстанцкай пляцы,\\ клянёмся вырвацца з тваёй пятлі. \\ \\ Крыніца: Бічэль-Загнетава Д. А на Палессі: Вершы і балады. – Мн.: Маст. літ., 1990. – 158 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/іншае/кастусь-каліноўскі-мужыцкая-праўда]] * [[творы/станіслаў-шушкевіч/станіслаў-шушкевіч-хай-літва-і-беларусь-]] * [[постаці/кастусь-каліноўскі]] * [[ibdc.ped>нявеста-каліноўскага]] * [[творы/міхась-кавыль/міхась-кавыль-кастусь-каліноўскі]]