~~META: title = Данута Бічэль-Загнетава — Мацей Бурачок &keywords = мацей, веку, бурачок, гора, чатырох, вараных &abstract = Чытаць верш Дануты Бічэль-Загнетавай "Мацей Бурачок" &iftrue = nan ~~ ====== Данута Бічэль-Загнетава — Мацей Бурачок ====== У Жупранах звоняць званы.\\ Ашмянкі плынь халадзее.\\ На чатырох вараных\\ вязуць Бурачка Мацея.\\ \\ Якая высокая сіла\\ асвечвае сумны абрад –\\ сармацкі звычай ці сімвал?\\ Мужыцкі быў адвакат!\\ \\ Ад Кушлян да Жупран\\ ціхія гоні ў скрусе.\\ З адкрытых сялянскіх paн\\ капае боль Беларусі.\\ \\ На чатырох вараных\\ з чорнага шляху не збочыць.\\ А паабапал труны\\ гора аж слепіць вочы.\\ \\ Колькі рабіў ён спробы\\ гора ўкінуць у лёх.\\ Чорнай хусцінкай жалобы\\ цень на пагоркі лёг.\\ \\ Слёзы над вейкамі шорсткімі\\ у дзецюкоў, бы ў дзяцей.\\ Стаў перад суддзямі жорсткімі\\ павераным люду Мацей.\\ \\ Скруціў ён сумную дудку,\\ балесна зайграў дудар\\ новаму веку пабудку\\ ад скляпенплў да хмар.\\ \\ Сумленнем не пакрывіў.\\ У клетцы грудзей зацеснай\\ сэрцу не стала крыві –\\ яно захлынулася песняй.\\ \\ Рванулася на прастор\\ шукаць новай праўды-спакусы.\\ Мацей Бурачок не памёр,\\ бо выжылі беларусы.\\ \\ У душах сыноў, дачок,\\ ад веку памаладзелы,\\ едзе Мацей Бурачок\\ на конях памяці –\\ белых.\\ \\ Крыніца: Бічэль-Загнетава Д. Даўняе сонца: Лірыка. – Мн: Маст. літ., 1987. – 398 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/данута-бічэль-загнетава/данута-бічэль-загнетава-роднае-слова]] * [[творы/данута-бічэль-загнетава/данута-бічэль-загнетава-фальклор]] * [[творы/данута-бічэль-загнетава/данута-бічэль-загнетава-цётка]] * [[творы/данута-бічэль-загнетава/данута-бічэль-загнетава-не-называй-мяне-]] * [[творы/данута-бічэль-загнетава/данута-бічэль-загнетава-бяроза]]