~~META: title = Данута Бічэль-Загнетава — Замест запавету &keywords = любі, стасюк, шлях, рукі, край &abstract = Чытаць верш Дануты Бічэль-Загнетавай "Замест запавету" &iftrue = nan ~~ ====== Данута Бічэль-Загнетава — Замест запавету ====== Мы адбіваемся адно ў адным.\\ Ён пачынае шлях і я канчаю.\\ I клуначак расстанняў за плячамі.\\ Жыццёвы страх развеяўся, як дым.\\ А Стаська шчэ не ведае аб ім.\\ \\ Ён проста радасць давярае ножкам,\\ якія растапырвае знарок,\\ бо чаравік развязвае шнурок\\ і слізкі спод разгневаных дарог.\\ I зоркі ў пыл ссыпаюцца гарошкам.\\ \\ Даверна сашчапілі дзве рукі,\\ нібы спрадвеку, пойдзем нацянькі\\ мы поруч, хоць у розныя бакі.\\ Ён – немаўлятка, ды гаваркі.\\ Я прыслухаюся, мой час такі.\\ \\ Хачу яму пакінуць назаўжды\\ надзею, што мяне з жыццём злучае, –\\ ад любасці да ціхага адчаю\\ свет захаплення, прадоння чараў,\\ не даўшы ні пясчынкі глухаты.\\ \\ Любі, Стасюк, спрадвечную раку!\\ Натоліць смагу рыбцы і катку\\ і рытмы выб'е – Нёман, бы скакун.\\ З абрысамі барока і мадэрну\\ мне горад наш быў дзецюком няверным.\\ Сіл не шкадуй яму, не жабраку.\\ \\ Любі, Стасюк, людзей, і нават злых.\\ Малых, слабых. Яны не вінаваты,\\ што пакалечылі сябе аб страты,\\ не паважаюць сябе саміх.\\ \\ Любі, Стасюк, свой край,\\ хоць край – не рай.\\ Уклад дзядоў ніхто не перайначыць!\\ Старайся людзям працаю аддзячыць.\\ Быў у цябе дзядуля – не гультай.\\ Працуй, удалых рук не пакладай.\\ \\ I я свой шлях між працай завяршу:\\ грабельніца – на лузе стог вяршыла.\\ Краўчыха – з кужалю кашулі шыла.\\ Спалю дашчэнту і сваю душу.\\ \\ Не бойся адзіноты анідзе.\\ Не адзінокі ты – з табою продкі:\\ дружына Каліноўскага і Цёткі,\\ князь Усяслаў, празваны Чарадзей.\\ Пра іх штодзённа помні, не на ўгодкі.\\ \\ За рукі ўзяўшыся,\\ ты ўверх, я ўніз – хадзем. \\ Крыніца: Бічэль-Загнетава Д. А на Палессі : Вершы і балады. – Мн.: Маст. літ., 1990. – 158 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/данута-бічэль-загнетава/данута-бічэль-загнетава-роднае-слова]] * [[творы/данута-бічэль-загнетава/данута-бічэль-загнетава-бяроза]] * [[творы/данута-бічэль-загнетава/данута-бічэль-загнетава-не-называй-мяне-]] * [[творы/данута-бічэль-загнетава/данута-бічэль-загнетава-цётка]] * [[творы/данута-бічэль-загнетава/данута-бічэль-загнетава-фальклор]]