~~META: title = Данута Бічэль-Загнетава — Ведаю ўсё і як быццам нічога... &keywords = болем, людзі, слабым, сонца &abstract = Чытаць верш Дануты Бічэль-Загнетавай "Ведаю ўсё і як быццам нічога..." &iftrue = nan ~~ ====== Данута Бічэль-Загнетава — Ведаю ўсё і як быццам нічога... ====== Ведаю ўсё і як быццам нічога.\\ Болем істоту запоўніла ўчора.\\ Шкода чужой мімалётнай навукі:\\ моцна трымацца, узяць сябе ў рукі.\\ \\ Як утрымаць збунтаванае мора\\ слабым рукам?\\ Але не пратэстую.\\ Свет цэлы быць вінаватым не можа,\\ то вінавачу дачушку, матулю.\\ \\ Ноччу бяссоннай буру ўтаймую...\\ Зойдуць сябры – мала іх засталося\\ у пасівелым гаёчку валосся.\\ Навідавоку сяброў не сумую...\\ \\ Ды зацяжною гульнёй у маўчанне\\ звязаны, слова баімся пустога...\\ Шмат што сказалі б, не скажам нічога.\\ Болем ачышчаны, лепшымі станем...\\ \\ Рупнасць у нас неспадзеўкі разбудзіць,\\ часта пастукаўшы ў бубен палёгкі\\ шротам дажджынак, дождж касавокі...\\ Дожджык сляпы.\\ Дзеці мы – людзі.\\ \\ Птахі мы – людзі.\\ Да голлечка промняў\\ цягнемся слабым даверлівым крыллем.\\ Хмараў галінкі сонца адкрылі –\\ болем знявечаны, болю не помнім.\\ \\ Людзі – аблокі.\\ Над выраем-краем\\ нас да магіл узвышае штосілы\\ з фрэскі азораны твар Еўфрасінні.\\ Маем свой край і нічога не маем. \\ \\ Крыніца: Бічэль-Загнетава Д. Даўняе сонца: Лірыка. – Мн: Маст. літ., 1987. – 398 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/данута-бічэль-загнетава/данута-бічэль-загнетава-не-называй-мяне-]] * [[творы/данута-бічэль-загнетава/данута-бічэль-загнетава-бяроза]] * [[творы/данута-бічэль-загнетава/данута-бічэль-загнетава-цётка]] * [[творы/данута-бічэль-загнетава/данута-бічэль-загнетава-фальклор]] * [[творы/данута-бічэль-загнетава/данута-бічэль-загнетава-роднае-слова]]