~~META: title = Георгій Марчук — Як ратавалі Фокуса &keywords = фокус, агапка, дзверы, бабуля, санітар, міла, фокуса, барабанадуля, сарафанчык, ангора, дамавую, кнігу &abstract = Чытаць апавяданне Георгія Марчука "Як ратавалі Фокуса" &iftrue = True ~~ ====== Георгій Марчук — Як ратавалі Фокуса ====== Суровая надышла зіма. Прыціснулі маразы. Нават галкі і вароны схаваліся на гарышчы, не прыляталі ў двор Фокуса па ежу. Толькі сінічкі імгненна з’ядалі сланечнікавае зерне, якім іх кожную раніцу частавала бабуля Міла. Снегу насыпала па самыя вокны. Сквапны Піліп Барабанадуля на сваім міні-трактары расчысціў ад снегу вуліцу толькі да свайго дома.\\ – А далей? А да нас? – папрасіў кот Фокус.\\ – Грошы гані. Паліва дарагое, – адказаў за свайго гаспадара сабака Пірат.\\ І тут Фокус пахваліўся:\\ – Затое нам і Агапкавым дзядулі з бабуляй раённыя ўлады падаравалі плазменныя тэлевізары во-о-сь з такім экранам, на палавіну сцяны.\\ – І за што гэта толькі вам дзяржава гэткія дарагія падарункі робіць? – здзівіўся Барабанадуля.\\ – А за тое, што мы падзялілі першае месца па культуры свайго двара. Конкурс быў. У нас і вяргіні, і лілеі ля ганка, і калодзеж размаляваны, і астры пад вакном, і настуркі, і турэцкі боб, – з гонарам адказаў Фокус.\\ Вельмі не спадабаўся гэты падарунак Пірату і яго гаспадару.\\ Даляцеў у разгар зімы, якраз перад Калядамі, да вёскі Крынічка нейкі злы заморскі вірус, прынёс грып. Цяжка захварэла бабуля Міла, як мог дапамагаў ёй Фокус, ды хвароба не адпускала, і тады выклікаў кот хуткую дапамогу і павезлі бабулю Мілу ў бальніцу – ратаваць. Фокус застаўся адзін у хаце. Тут і надумалі здзейсніць сваю чорную задуму Барабанадуля і сабака Пірат. А ўсё ад зайздрасці.\\ Паведамілі ў санэпідстанцыю, што жыве ў іхняй вёсцы нейкі бяздомны, брыдкі, заразны кот. Трэба было б яго злавіць і аддаць у гадавальнік для бяздомных і адзінокіх жывёлін. Маўляў, баімся хваробу якую ад яго падчапіць.\\ Служба сваю справу добра ведае. Як атрымалі ліст, дык на наступны дзень адразу і прыехалі. Барабанадуля дзеля гэтага нават дарогу да дома Фокуса пачысціў сваім трактарам. Убачыў кот праз вакно двух дужых санітараў у белых халатах з вялікімі сачкамі ў руках і здагадаўся, што не з добрым намерам яны да яго з’явіліся. Зачыніў дзверы на засаўку. Агапка ў гэты самы час паснедала і вырашыла пачаставаць смачнымі сырнікамі Фокуса. Як жа яна здзівілася, калі ўбачыла на ганку двух незнаёмцаў.\\ – Адчыняйце дзверы! Інакш нам давядзецца прымяніць сілу, – пагрозліва папярэдзіў адзін санітар.\\ – А што здарылася? – пацікавілася дзяўчынка.\\ – Паступіла інфармацыя ад суседзяў, што ў гэтым доме хаваецца бяздомны кот па мянушцы Фокус, прыдумаў жа сабе мянушку... разносчык хвароб... мы абавязаны яго злавіць ды ізаляваць ад здаровых людзей. Праходзьце міма, – строга сказаў другі санітар.\\ – Ён не бяздомны. У яго ёсць гаспадыня, – заступілася Агапка.\\ – І дзе ж яна?\\ – У бальніцы.\\ – Ха! А можа, у балеце танцуе? На гэты момант нікога няма. Мы дзейнічаем у адпаведнасці з інструкцыяй. Суседзі паскардзіліся. Адчыняйце зараз жа дзверы! – запатрабаваў першы санітар.\\ Зразумела Агапка, што санітараў не пераканаць, не дагаварыцца з імі. Пабегла яна ў свой дом, схапіла сарафанчык, які бабуля пашыла для балонкі, і хустачку і вярнулася да Фокусавага дома. Санітары не ведалі, што ў доме на верандзе ёсць дзверы, якія вядуць у сад.\\ Фокус як убачыў Агапку, дык адразу акрыяў.\\ – Хуценька апранайся вось у гэта.\\ – А што гэта?\\ – Камбінезон. Не губляй часу, апранай.\\ – Гэта ж сукенка, – запярэчыў Фокус. – Не! Ніколі! Калі дазнаецца пра гэта дзядзька Фокус-Мокус Фрыдрых Фердынанд І, а ён у Еўрасаюзе жыве, на смех падніме. Не дасць мне шэнгенскую візу.\\ – Апранай, калі жыць хочаш.\\ – Жыць хачу, – адказаў Фокус і з Агапкавай дапамогай апрануў сарафанчык. Дзяўчынка завязала яму на галаву хустачку.\\ Санітары ўсё стукалі ў дзверы сваімі моцнымі кулакамі.\\ – Дзе ў вас дамавая кніга? – хуценька спытала Агапка.\\ – У шафе, на верхняй паліцы.\\ Агапка выцягнула дамавую кнігу і ўпісала ў яе нейкае слова.\\ – Чакаем адну хвіліну. Калі не адчыніце, мы ўзламаем дзверы! – страшылі санітары.\\ Агапка, захоўваючы спакой, адчыніла дзверы.\\ Санітары не ўвайшлі, а ўварваліся ў дом. Пры стале сядзеў Фокус і разглядаў малюнкі ў кніжцы.\\ – Вось ён! – паказаў на Фокуса адзін санітар.\\ – Вашу дамавую кнігу! – запатрабаваў другі.\\ – Дзе ў нас дамавая кніга? – спытала ката Агапка.\\ – У шафе на верхняй паліцы.\\ Агапка працягнула дамавую кнігу санітарам.\\ – Та-ак. Тут жывуць... бабуля Міла... а дзе Фокус?\\ – Я Фокус.\\ – Што і трэба было даказаць! – спакойна сказаў адзін з санітараў. – Збірайся, мурзаты беспрытульнік, пакуль не позна, а то давядзецца прымяніць сілу.\\ Кінуўся быў Фокус у адчыненыя дзверы, ды другі санітар адштурхнуў яго ботам на месца.\\ – І праўда, нейкі шалёны! – здзівіўся санітар.\\ – Гэта Фокус, але не той Фокус, – сказала Агапка, – вы прачытайце, у дамавой кнізе напісана.\\ Санітар зноў адкрыў дамавую кнігу.\\ – Тут жывуць... Бабуля Міла і Ангора Фокус.\\ – Вось, – пачала Агапка, – Ангора... Яе першае імя. А Фокус гэта так, мянушка. Гэта кошачка, а не кот... Ангора. Ён, яна, яно. Яна кошачка Ангора. Жаночы род. Дык вось жа і сарафанчык новы толькі прыдбалі. Гэта мая кошачка. Вы яе напалохалі і яна схавалася ў доме. А той Фокус тут даўно і не жыве.\\ – Да, падобна на тое... Прыгожы сарафанчык. А чаго гэта ён – ці яна – збегчы надумалася? – узяло сумненне санітара.\\ – Дык спалохалася. Выгляд у вас страшны.\\ Падумаў, падумаў санітар і адказаў:\\ – Добра. Па дакументах усё супадае. Фокус-Ангора ці Ангора-Фокус. Памылачка здарылася. Прабачце.\\ І яны паехалі ні з чым.\\ – А што такое Ангора? – пацікавіўся Фокус.\\ – Парода такая. Турэцкая, – адказала Агапка.\\ І на гэты раз не атрымалася ў Барабанадулі зрабіць паскудства.\\ Фокус вырашыў на ўсялякі выпадак сарафанчык не здымаць. Выйшаў на вуліцу, а насустрач Барабанадуля і Пірат. Убачылі яго ў дзіўнай вопратцы і паднялі на смех.\\ – Гэй, клоўн. А ну давай выканай нам «Цыганачку». Вочы чорныя, вочы цудныя, эх раз... – блазнуе Пірат.\\ – Смяецца той, хто смяецца апошнім, – адказаў Фокус, прыгадваючы любімую прыказку сваёй гаспадыні.\\ Закончыліся канікулы. Пасля свята Раства, якое сустрэлі ля навагодняй ёлкі ў доме Агапкі, дзяўчынка паехала ў сталіцу. А тут бабуля Міла вярнулася з бальніцы. Паздаравела, падужэла і нават памаладзела.\\ Убачыла Фокуса ў дзіўнай вопратцы і здзівілася:\\ – Куды гэта ты сабраўся? На конкурс прыгажосці?\\ – Ды не. Гэта фокус у Фокуса, – адказаў кот і расказаў бабулі Міле пра тое, што адбылося пад Новы год.\\ Спачатку гаспадыня вельмі засмуцілася, але пасля павесялела і ўхваліла свайго ката, а яшчэ больш Агапку.\\ – Вось што. Каб надалей не было панадна нікому цябе палохаць, я выпішу і табе пашпарт. Будзеш афіцыйна гаспадаром двара, гарода, саду, адрыны і ўсяго скарбу, – сказала бабуля.\\ – Згодзен, – узрадаваўся Фокус.\\ Бабуля Міла дапамагла яму зняць сарафан балонкі. І сталі яны, як і раней, жыць у згодзе, дабро нажываць.\\ Тут і казцы канец. Фокус наш малайчына, і Агапка не памылілася, калі яго ратавала. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/георгій-марчук/георгій-марчук-папугай-пятруша]] * [[творы/георгій-марчук/георгій-марчук-дзік]] * [[творы/георгій-марчук/георгій-марчук-чужое-багацце-гдз]] * [[творы/георгій-марчук/георгій-марчук-добрае-сэрца]] * [[творы/георгій-марчук/георгій-марчук-чаму-дрэвы-не-спяваюць]]