~~META: title = Георгій Марчук — Як кот Фокус ільвом быў &keywords = фокус, фарбы, агапка, пірат, гаспадыня, бабуля, фокуса, варона, зрабіцца, барабанадуля &abstract = Чытаць апавяданне Георгія Марчука "Як кот Фокус ільвом быў" &iftrue = True ~~ ====== Георгій Марчук — Як кот Фокус ільвом быў ====== Вось да чаго часам зайздрасць давесці можа. Прызвычаіўся кот Фокус з вёсачкі Крынічка ў доўгія зімовыя вечары са сваёй гаспадыняй да самай ночы тэлевізар глядзець. Асабліва захапляліся яны перадачамі пра падарожжы ў розныя краіны: падабаліся ім пінгвіны ў Антарктыдзе, страусы ў Аўстраліі, мядзведзі ў Расіі, львы ў Афрыцы.\\ – Глядзі, бабка Міла, бліжэй лупу да экрана... во якія ў мяне сваякі, – выхваляўся Фокус і паказваў лапай на львоў на экране. – Пірат бадай што і не ведае, якая ў мяне абарона. А я тутака ў холадзе мышэй вымушаны палохаць, – наракаў на свой лёс Фокус, зайздросцячы львам.\\ Аднойчы Фокус глядзеў мульцік і раптам убачыў паласатага ката. Той гойсаў у цяльняшцы, нібы марак. І надумаў Фокус перафарбавацца ў другі колер, зрабіцца вясковым ільвом, гразой усяго наваколля.\\ – Не жадаю больш мець аднолькавы колер з мышамі, – сказаў ён сам сабе.\\ Калі надышлі цёплыя летнія дні, Фокус выправіўся да суседа-мастака, каб папрасіць фарбы. Звычайна па абедзе мастак адпачываў і Фокуса ласкава сустрэла жонка мастака, бабуля Агапкі.\\ Фокус, трэба сказаць, быў добрым хітраванам. Вырашыў да часу свой план не раскрываць: хай усе здзівяцца, калі ўбачаць яго львіны нораў.\\ – Я вось... фарбы хацеў у вас папрасіць... пазычыць. Мы пенсію атрымалі, я вам грошай колькі трэба дам, – асцярожна пачаў размову Фокус.\\ – А якая табе фарба трэба? І навошта? – пацікавілася бабуля.\\ – Жоўтая. Мне трэба гэта... акно наша пафарбаваць. Аблезла старая фарба, – схітрыў Фокус.\\ – Добра. Ды вось неспадзяванка: нешта я жоўтую і адшукаць не магу. Я ў іх не разбіраюся. Прыходзь увечары, запытаем гаспадара.\\ – Не. Зараз трэба.\\ Фокус баяўся, што мастак можа не даць яму фарбы.\\ – Ну добра. Вось, выбірай, – згадзілася бабуля.\\ Фокус не марудзячы схапіў тры цюбікі зялёнай фарбы. Яго меркаванні былі такія: калі зялёным колерам пафарбаваць яго шэрую поўсць, дык абавязкова атрымаецца карычневы, як у льва.\\ Прыбег Фокус дахаты, выціснуў фарбу ў міску, перамяшаў і пачаў у ёй качацца. Пасля гэткай працэдуры зірнуў на сябе ў люстэрка і вохнуў. Цяльняшкі не атрымалася, як і жоўта-карычневага колеру, а зрабіўся ён зялёны, як жаба. Схаваў на ўсялякі выпадак ад гаспадыні лупу, каб яна не ўбачыла яго новую «вопратку». А сам падумаў: усё ж гэта лепш, чым звычайны шэры.\\ Супакоіў сябе кот і наважыўся франтам прайсціся па вуліцы. Куры, як угледзелі гэтага незнаёмага зялёнага дракона, разбегліся ў розныя бакі, вераб’і паразляталіся, варона скочыла на плот.\\ – Зноў у горад збіраешся? Зноў на выстаўку апрануўся? – асцярожна пацікавілася варона.\\ – А як жа. Гэта мой натуральны колер, як у маіх сваякоў з Афрыкі, – выхваляўся Фокус.\\ – А я падумала, што гэта табе касцюм жабы падаравалі. Дзе ты бачыў зялёных ільвоў? – пыталася варона.\\ Фокус нічога ёй не адказаў і рушыў далей па вуліцы.\\ – Спыніся, пудзіла, ты хто? – закрычаў на яго сабака Пірат.\\ – Хіба не пазнаеш? Я Фокус, блізкі сваяк афрыканскіх ільвоў, – смела адказаў Фокус.\\ – Ідзі адгэтуль, не палохай майго гаспадара, пудзіла ты з балота, а то яму сасняцца страшныя сны. Я табе хвост адгрыз, дык яшчэ і вуха адгрызу, – прыстрашыў Пірат.\\ – Хто там? – спытаў Барабанадуля, выходзячы на ганак.\\ – Фокус. Блазан наш вясковы. Прыйшоў нас палохаць, – адказаў Пірат.\\ – Які ён Фокус. Ён куртаты, хе. Ідзі далей, жаба балотная. А не, дык напішу ў сельсавет і цябе выселяць адгэтуль, мафіёзу, – паабяцаў Барабанадуля.\\ Засмучаны Фокус вярнуўся дамоў. Гаспадыня тым часам адшукала лупу, прыгледзелася і спалохалася.\\ – Ты хто? Ты чый?\\ – Ды гэта я... Фокус.\\ – Які Фокус? Ты не падобны на Фокуса. Згінь з вачэй, прападзі, нячыстая сіла, цьфу, цьфу, цьфу!\\ І яна тройчы перажагналася.\\ – Пафарбаваўся я, – вінаватым голасам сказаў Фокус.\\ – Не мой ты кот... і кропка. Згінь, – даводзіла сваё бабулька.\\ Залез Фокус на гарышча і засумаваў, вельмі засумаваў. Усе паднялі яго на смех, а гаспадыня дык тая і зусім не пазнала. Так у самоце і застаўся Фокус на гарышчы, так і ноч мінула – цёплая, летняя.\\ А раніцай зірнуў кот у вакно і ўзрадаваўся. Да дзядулі і бабулі на канікулы прыехала Агапка. Фокус адразу ж праз гароды паспяшаўся да дзяўчынкі па параду. Спачатку і Агапка не пазнала яго.\\ – Ну ты ж мяне і напалохаў, Фокус, – сказала яна.\\ – Ды я ўжо і сам не рады. Хацеў адзін раз у жыцці зрабіцца львом, – скрушліва адказаў Фокус, – ды перастараўся.\\ – А фарбы дзе ўзяў?\\ – У вас. Як мне зноў шэрым зрабіцца, парай, – пачаў прасіцца Фокус.\\ – Пакажы мне, якую ты фарбу браў і дзе? – спытала Агапка.\\ І Фокус паказаў на цюбікі. Агапка з палёгкай уздыхнула.\\ – Табе, Фокус, пашанцавала. Гэта акварэльныя фарбы, бо калі б ты пафарбаваўся алейнымі, давялося б цябе да доктара везці, і яшчэ невядома, чым бы ўсё завяршылася.\\ Пасадзіла Агапка Фокуса ў ночвы, прынесла цёплай вады, дадала шампуню і хуценька адмыла зялёную фарбу. Ажно настрой палепшыўся ў Фокуса.\\ – Прасі што хочаш! У мяне і грошы ёсць, – сказаў ён.\\ – Ды нічога мне не трэба, мы ж сябры.\\ – Сябры, – пацвердзіў кот.\\ – Значыцца, павінны дапамагаць адно аднаму бясплатна. Згодзен?\\ – Згодзен. А Барабанадуля кажа, што нічога бясплатнага няма, за ўсё трэба плаціць.\\ – А ты менш слухай яго. Жыві сваім розумам, як вучыць мяне бабуля, – сказала Агапка.\\ Пабег Фокус як найхутчэй дамоў. Гаспадыня яго ўжо з ног збілася: шукала і ў склепе, і ў хляве, і на гародзе, і ў садзе, зазірала і на гарышча, а Фокус як у ваду кануў. Хоць ты плач. А тут раптам ён і з’явіўся.\\ – Ну дзякуй Богу, – узрадавалася гаспадыня і тройчы перажагналася. – А то, бач ты, учора нейкае пудзіла з’явілася і дзяўбе, што яно Фокус. Я да смерці напалохалася.\\ Фокус, безумоўна, не расказаў старой, як ён зялёным ільвом быў. Не хацеў засмучаць гаспадыню, якую за яе дабрыню і працавітасць вельмі паважаў, шанаваў і шкадаваў.\\ І зажылі яны, як і раней, – у міры і згодзе. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/георгій-марчук/георгій-марчук-чаму-дрэвы-не-спяваюць]] * [[творы/георгій-марчук/георгій-марчук-чужое-багацце-гдз]] * [[творы/георгій-марчук/георгій-марчук-дзік]] * [[творы/георгій-марчук/георгій-марчук-папугай-пятруша]] * [[творы/георгій-марчук/георгій-марчук-добрае-сэрца]]