~~META: title = Георгій Марчук — Папугай Пятруша &keywords = пятруша, харошы, папугай, пятрушу, папугая, благі, гаспадар, сям’і, рагачэўскага, лётчыка, піка, гаспадыня, пятрушы, хутка &abstract = Чытаць апавяданне Георгія Марчука "Папугай Пятруша" &iftrue = True ~~ ====== Георгій Марчук — Папугай Пятруша ====== У дружнай сям’і пілота грамадзянскай авіяцыі Рагачэўскага жыў звычайны маленькі папугай Пятруша, якога купілі на птушыным рынку разам з клеткаю. Падаравалі на дзень нараджэння сваёй дачушцы-пяцікласніцы. Цэлы месяц усе толькі і жылі цікавасцю да гэтай дзіўнай птушачкі. Панугай як бы прыглядаўся да іх сям’і, вывучаў.\\ Пятрушу палюбілі. Хіба што жонка лётчыка, прыгожая, нетаропкая ў рухах, пастаянна засяроджаная, трохі яго недалюблівала. Ёй было надта сорамна, калі Пятруша надакучваў гасцям: садзіўся ім на плечы, на галовы, нават лез пацалаваць у нос... Гэтаму яго навучыла гарэзлівая дачка. Тады маці паставіла ўмову – каб пры гасцях Пятрушу ніколі не выпускалі з клеткі, інакш яна яго прадасць альбо аднясе да сябе на працу – там, у мастацкім кабінеце, жыло некалькі папугаяў, якія надакучылі сваім гаспадарам. Каб неяк дагадзіць акуратнай і строгай жанчыне, Пятруша на дзіва вельмі хутка вывучыў некалькі слоў, якія адносіліся да жонкі Рагачэўскага: «Мама харошая, мы любім маму».\\ Але ж і гэтым сюрпрызам бедны папугай не прыдбаў для сябе больш ласкі і волі. Усё менш і менш увагі было для Пятрушы і ў пяцікласніцы: то яна рабіла ўрокі (яго адносілі на кухню), то яна бегла ў музычную школу, то спяшалася канцэрт, то ішла з сяброўкаю у басейн. Пятруша заставаўся сам-насам з гаспадыняй. Яна нешта крэмзала на паперы ці садзілася да вязальнай машыны. Ён, каб не было ёй сумна, спрабаваў нават спяваць.\\ – Ах, Пятруша, не дакучай. Хачу падумаць у цішы, – мякка прыпыняла папугая гаспадыня.\\ Тады ён адказваў:\\ – Пятруша харошы, Пятруша харошы.\\ – Харошы, харошы, – пагаджалася жанчына, – толькі памаўчы паўгадзіны.\\ Лётчыка Рагачэўскага з далёкіх рэйсаў усе чакалі з прытоенай трывогай і хваляваннем. I ўсе былі вельмі рады яго вяртанню, але найбольш радаваўся Пятруша.\\ Рагачэўскі без падарункаў дахаты не вяртаўся, ніколі не забываў ён і пра Пятрушу. Папугай не так радаваўся далікатэсам, як мажлівасці нарэшце нацешыцца воляю: бо толькі гаспадар выпускаў Пятрушу з клеткі.\\ – Гэта непарадак. Птушка народжана для палёту. Як гэта, у сям’і лётчыка папугай не лётае. Я яго разумею як ніхто.\\ Тут Пятруша развесяліўся, бо ведаў, што гаспадар у крыўду не дасць.\\ Ён і еў, седзячы ў яго на плячы, разам і віно сухое піў, і каву з адной пасудзіны.\\ Жонка крывілася і адганяла папугая ад стала. Ды Пятруша зноў прылятаў.\\ – Пятруша харошы, Пятруша харошы.\\ Лётчык лагодна ўсміхаўся сваёй добразычлівай усмешкаю, гладзіў папугая па галоўцы і адказваў:\\ – Харошы, харошы.\\ Пятруша ад радасці лётаў па ўсёй кватэры: з аднаго пакоя ў другі, з кухні ў калідор, з дзвярэй на абажур, з піяніна на шафу, з акна на рогі аленя.\\ Але вось аднойчы гаспадыня прынесла з работы маленькага сабачку пудзеля Піку. Іх пазнаёмілі. Піка больш для блізіру ткнуў свой халодны нос у дзюбку папугаю, а сам хутчэй – да гаспадыні. Яна насіла яго на руках, прыгаворваючы: «Піка харошы. Наш Пікуша разумнік, вартаўнік... Піка харошы. Ён будзе бай-бай».\\ Усе насіліся з гэтым пудзелем. Нават лётчык, забыўшыся на папугая, бавіў свой час з сабакам. Удваіх з жонкаю выводзілі пудзеля на двор. Пятруша нерухома сядзеў у клетцы і сумна глядзеў у акно, за якім сыпаў густы белы снег. Там, унізе, чорны пудзель качаўся ў пухкім снезе, лётаў як шалёны, высока скакаў.\\ Далей яшчэ горш. Піка хутка навучыўся падносіць гаспадару хатнія тапкі, а перад гаспадыняй, стоячы на задніх лапах, кружыўся як перад каралевай. Калі гаспадары спалі, краўся да іх у ложак, скручваўся абаранкам і спаў ля іхніх ног.\\ Усё бачыў, усё заўважаў папугай Пятруша. Больш ён не спяваў, бо ніхто яго песняй не цікавіўся. I гаварыць у птушкі ахвота прапала.\\ Усе дагаджалі пудзелю. Нават доктара сярод ночы выклікалі, калі ён нечым хварэў. Гаспадыня аж усплакнула ад жалю. Усю ноч прагушкала яго на руках. I гэта бачыў Пятруша. Ён сядзеў, сумна-маўкліва ўцягнуўшы сваю галоўку ў шыю, не еў, не піў, адмаўляўся нават лётаць па кватэры.\\ Аднойчы папугай загаварыў:\\ – Пятруша благі. Пятруша благі.\\ Дачка падала яму вады і супакоіла:\\ – Пятруша харошы.\\ Але папугай як бы і забыў свае папярэднія словы:\\ – Пятруша благі. Пятруша благі.\\ – Гэта ён ад радасці. Супакоіцца, не чалавек, – казала маці.\\ Слова «благі», даўным-даўно пачутае ад гаспадыні, Пятруша паўтараў увесь вечар.\\ Пілот Рагачэўскі ў той зімовы дзень вярнуўся дахаты позна. Вёз ён для Пятрушы смачныя дарункі, але ж спазніўся. Гаспадар знайшоў свайго жоўта-зялёненькага папугая Пятрушу ў клетцы мёртвым.\\ Ніхто, калі ён апавядаў гэту сумную гісторыю сваім калегам па рабоце, не хацеў верыць.\\ – Птушка ўсё ж, не чалавек. Не магла ад рэўнасці памерці, можа, захварэла, – даказвалі панураму Рагачэўскаму сябры-лётчыкі.\\ Ён з імі, аднак, не згаджаўся.\\ \\ \\ Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/георгій-марчук/георгій-марчук-добрае-сэрца]] * [[творы/георгій-марчук/георгій-марчук-чужое-багацце-гдз]] * [[творы/георгій-марчук/георгій-марчук-чаму-дрэвы-не-спяваюць]] * [[творы/георгій-марчук/георгій-марчук-дзік]] * [[творы/георгій-марчук/георгій-марчук-як-агапка-мальвы-ўратавал]]