~~META: title = Генадзь Бураўкін — Я хачу прайсці па зямлі... &keywords = паэта, крыніц, зямлі, аўтара, званы, зразумелым, блізкім, паэтычна, галасы, прайсці, хацелася, праблемы, песні &abstract = Чытаць верш Генадзя Бураўкіна "Я хачу прайсці па зямлі..." Адказы на пытанні да верша &iftrue = nan ~~ ====== Генадзь Бураўкін — Я хачу прайсці па зямлі... ====== Я хачу прайсці па зямлі\\ Самым верным, любімым сынам.\\ Каб дарогі мяне вялі\\ Пад вятрамі прасторам сінім,\\ \\ Каб нямоўчна ў мяне на плячах\\ Росным раннем спявалі птушкі,\\ Каб я кветкамі ўсімі прапах\\ Ад падэшваў да самай макушкі,\\ \\ Каб легенды глухой сівізны\\ Мне з даверам дубы шапталі\\ I крыніц залатыя званы\\ Для мяне калыхалі хвалі.\\ \\ Я хачу прайсці па зямлі,\\ Каб мне людзі сэрца адкрылі,\\ Слёзы шчасця і мазалі\\ Па-братэрску са мной падзялілі,\\ \\ Каб мне роўную частку далі\\ Сваёй ношы нялёгкай пранесці\\ I свае галасы ўплялі\\ У мае няхітрыя песні... **Адказы на пытанні:**\\ 1. Паэт выказвае запаветнае жаданне быць блізкім, зразумелым для сваіх чытачоў, беларускіх людзей. Аўтара хвалюе праблема паэта і паэзіі, ён марыць "спяваць" так, каб у яго вершах адлюстравалася ўся прыгажосць беларускай зямлі, галасы птушак, шум лесу, спеў крыніц, людскія лёсы.\\ 2. "Я" паэта можа быць выяўленнем пачуццяў кожнага з нас, толькі ў аўтара гэта атрымоўваецца лёгка, паэтычна і водгукам гучыць у нашых сэрцах.\\ Думкі паэта нам блізкія, бо нам хацелася, так адчуваць прыроду, яе хараство, непаўторнасць, асаблівасць, хацелася быць адкрытым і шчырым з людзьмі, разумець іх перажыванні і адчуванні. Гэта дапаможа лепш спазнаць свет, а таксама зразумець і па-новаму адкрыць сябе і свае пачуцці і эмоцыі.\\ 3. Для паэта вельмі важна ведаць праблемы, радасці, захапленні кожнага чалавека, гэта гаворыць аб тым, што аўтара хвалююць праблемы чалавецтва, яго гора і радасць. Адлюстроўваючы гэта ў сваіх "песнях", ён становіцца блізкім, родным, зразумелым. Нездарма творы [[постаці/генадзь-бураўкін|Генадзя Бураўкіна]] вельмі любяць у народзе, яго вершы пакладзены на музыку, а песні сталі хітамі.\\ 4. Аўтар паэтычна апісвае гукі крынічнай вады, якая бяжыць паміж каменьчыкаў і яшчэ здалёк у лесе чутно як яна цурчыць. Гэты залаты звон прывабны для чалавечага слыху, як і званы царкоўныя. Ды і нездарма ў нашай краіне так шмат святых крыніц. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-калыханка]] * [[постаці/генадзь-бураўкін]] * [[творы/генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-настаўнікі-не-паміраюць]] * [[творы/генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-шпак-спявае]] * [[творы/генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-малітва]]