творы:генадзь-бураўкін:генадзь-бураўкін-я-не-ганю-землі-чужыя
Гэта старая версія дакумента!
Генадзь Бураўкін — Я не ганю землі чужыя...
Я не ганю землі чужыя, –
Хай іх сонца не абміне.
Толькі дзе б за морам ні жыў я,
Беларусь мая снілася мне.
Так карцела – сляза закіпала, –
Каб да сэрца хаця б здалёк
Прыплывалі жалейка Купалы,
Багдановічаў васілёк…
Гэта ўсё, безумоўна, не нова.
А ці трэба, каб новым было
Поле бацькава, матчына мова
І над хатай буслова жытло?
Хіба душы свае не лечым
Ад бяздомных бядот і згрызот
Самым простым і самым вечным,
Што пранёс праз вякі народ?
І якія б шляхі ні схадзіў я,
Кліча полацкая сенажаць…
А калі не спяваць аб Радзіме,
Дык навошта наогул спяваць?
1979
Падобныя старонкі
- генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-калыханка
- генадзь-бураўкін
- генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-малітва
- генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-я-хачу-прайсці-па-зямлі
- генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-шпак-спявае
творы/генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-я-не-ганю-землі-чужыя.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1