~~META: title = Генадзь Бураўкін — Я горка вінаваты... &keywords = зноў, толькі, боль &abstract = Чытаць верш Генадзя Бураўкіна "Я горка вінаваты..." &iftrue = nan ~~ ====== Генадзь Бураўкін — Я горка вінаваты... ====== Я горка вінаваты,\\ Што рваўся так,\\ Прасцяк,\\ З вясковай цеснай хаты\\ На гарадскі прасцяг.\\ \\ Я так наіўна верыў,\\ Што толькі там\\ Знайду\\ У свет нязнаны дзверы –\\ На шчасце ці бяду.\\ \\ Ну што ж –\\ Набыў вядомасць\\ I нейкі дабрабыт\\ I прыязджаў дадому\\ У госці ды ў грыбы.\\ \\ Ішоў на луг нясмела,\\ Як нёс валун даўгоў.\\ I ўсё душа балела\\ Забытаю тугой.\\ \\ I ўсё яе цягнула\\ На даўнія шляхі,\\ Да баравога гула\\ I ў цёмны сад глухі.\\ \\ I ўсё яна шукала\\ Дзіцячы тайны след.\\ I ўсё было ёй мала\\ I згадак, і прыкмет.\\ \\ Як быццам апраўдання\\ Хацела зноў і зноў\\ За боль расчаравання\\ I за нязбытнасць сноў...\\ \\ Ды час мінаў –\\ Я марыў\\ Паехаць ад крыніц\\ Да плошчаў і бульвараў,\\ Да шэрых камяніц.\\ \\ I зноў падслепавата\\ Мне пазіралі ўслед\\ Мая старая хата\\ I мой сівы сусед.\\ \\ I рваў душу мне одум,\\ Што,\\ Як ні гамані,\\ У дрэва ёсць заўсёды\\ Не толькі карані...\\ \\ 1999 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-калыханка]] * [[творы/генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-я-хачу-прайсці-па-зямлі]] * [[постаці/генадзь-бураўкін]] * [[творы/генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-шпак-спявае]] * [[творы/генадзь-бураўкін/генадзь-бураўкін-малітва]]