~~META: title = Генадзь Бураўкін — Элегіі старога саду &keywords = садзе, помніш, раптам, яблыня, белыя, старая, паркана, пачуў, ўцякалі, штовечар, кроплі, вачах, замоўк, мілай, дзяўчынкі, сад, жыве &abstract = Чытаць "Элегіі старога саду" Генадзя Бураўкіна &iftrue = nan ~~ ====== Генадзь Бураўкін — Элегіі старога саду ====== Я зноў прыйшоў у наш зарослы сад,\\ Дзе пахне зазімкам і лісцем прэлым.\\ Ён не такі, як дваццаць год назад.\\ Ён,\\ як і я, здаецца пастарэлым. \\ Мне вусцішна між яблыняў ступаць,\\ Страсаць з галін абуджаныя згадкі.\\ I за спіной не веснічкі рыпяць,\\ А памяці разгойданыя кладкі…\\ **I** У ціхім садзе нашага дзяцінства\\ Даўно сабе звіваюць гнёзды птушкі.\\ I я не часта ў сад хаджу, каб раптам\\ Няўклюднага падлётка не спалохаць.\\ А можа быць, я больш за ўсё баюся, Што ўспырхне, нібы жаўранак вясновы, Забытае імя дзяўчынкі мілай\\ У белай блузцы і спаднічцы сіняй,\\ З чарнілам перапэцканымі пальцамі\\ I русаю худзенькаю касой?\\ Што, як яна жыве ў забытым садзе –\\ Абсыпаная рыжымі вяснушкамі,\\ Абстрыканая крапівой пякучай,\\ Цыбатая, нібыта бусляня?.. Чаго баюся –\\ Успамінаў смешных\\ Ці горкай і запозненай сустрэчы\\ З юначаю неразгаданай тайнай\\ I першым неўсвядомленым каханнем?\\ Ды не, якое там было каханне! Было няўцямнае зямное шчасце,\\ Што вось жыве дзяўчо на белым свеце\\ I лічыць мяне дужым і прыгожым\\ I з захапленнем на мяне глядзіць.\\ I я пераканаць яе стараўся,\\ Што я папраўдзе нейкі незвычайны,\\ Што я прыгожы, дужы і разумны, А быў няўклюдны і дурны, як бот. Я пасмяяўся з той дзяўчынкі мілай\\ Па-хлапчукоўску жорстка і бяздумна –\\ З яе вяснушак, і з касы худзенькай, I з нехаванай радасці ў вачах.\\ I я хадзіў, як певень, ганарысты,\\ Суровы, незалежны і дасціпны, I быў не варты нават шкадавання,\\ Не тое што яе няўцешных слёз… \\ Мы вельмі часта позна разумнеем…\\ Цяпер я ў сад заходжу асцярожна –\\ А што, як раптам хрусне пад нагою\\ Птушынае гняздо?..\\ **II** Ты помніш сад,\\ Парэчкамі зарослы,\\ Дзе ля паркана быў куток таемны,\\ Куды ўцякалі мы з табой штовечар\\ Ад пільных матак і сяброў цікаўных?\\ Ты помніш?\\ \\ Там нас хавала яблыня старая.\\ Мы слухалі маўчанне цёплай ночы,\\ I я нямеў, калі плячом гарачым\\ Ты прыпадала да майго пляча.\\ Там я аднойчы пры святле маланкі, Як цуд, нікім нязведаны, убачыў Твае блакітныя, як неба, вочы\\ I белыя, як яблыкі, калені.\\ На круглыя, як белыя налівы,\\ Клаў галаву я на твае калені\\ I піў каўшом Мядзведзіцы Вялікай\\ Тваё такое блізкае дыханне,\\ Наіўны і салодкі наш спалох.\\ I валасоў тваіх густая хмара\\ Мне засланяла і зямлю, і неба –\\ I гасла ўсё ў вачах,\\ I толькі вусны,\\ Твае сляпыя і сухія вусны,\\ Як месяц, прабіваліся праз цемру I зноў вярталі мне ў душу святло…\\ Ты помніш?\\ Растуць парэчкі ў садзе, як калісьці. А ля паркана – восеньскае лісце… Сюды з табой штовечар мы ўцякалі\\ Ад пільных матак і сяброў цікаўных.\\ Тут пры святле маланкі я аднойчы\\ Зірнуў табе ў спалоханыя вочы…\\ \\ Стаіць пад ветрам яблыня старая.\\ Ні павуцінкі – на галінках голых…\\ А я вачамі маладымі бачу\\ два белыя налівы…\\ **ІІІ** Быў позні і туманны адвячорак.\\ Сад звонка лапатаў пасля дажджу –\\ Як быццам тысяча срабрыстых гномікаў\\ Саскоквала з галінкі на галінку,\\ З ліста на ліст,\\ А з лісця – на траву. Я ў сад пабег\\ Паслухаць гэты вэрхал,\\ Палюбавацца,\\ Як цяжкія кроплі\\ Ляцяць свінцовым шротам на пясок,\\ А яблыні абмытыя стаяць,\\ Нібыта маладзіцы пасля лазні.\\ Па лужынах і ручаях імчаў я.\\ У сэрцы калацілася гарэзнасць,\\ I мне хацелася такое крыкнуць,\\ Каб цэлы свет, уражаны, пачуў. Тады арліным хлапчукоўскім вокам\\ Я ўгледзеў іх пад вымаклаю вішняй –\\ Яны застылі ў доўгім пацалунку,\\ Як у палёце спыненыя птушкі.\\ Яны мяне не бачылі, не чулі, I я падкраўся –\\ I зарагатаў,\\ Спалохаў тое светлае імгненне,\\ Якое ўжо не зможа паўтарыцца.\\ Я загалёкаў:\\ «Цілі-цілі цеста!..»\\ Улёг за імі шчанюком звяглівым\\ I ўсё чакаў,\\ Як голас мой падхопіць\\ I панясе пад гулкім небам рэха.\\ А сад маўчаў.\\ Маўчалі змрочна кроплі,\\ Што на лістах званочкамі віселі.\\ А яблыня старая поўнай жменяй Дажджу мне сыпанула за каўнер.\\ I я замоўк,\\ Як быццам спатыкнуўся.\\ Мяне спыніў цяжкі дарослы сорам.\\ Пачуў я раптам,\\ Як замоўк чамусьці\\ У шапатлівых кронах звонкі лопат, Як стала ў садзе золка і будзённа…\\ Мой сад, ты помніш гэты адвячорак. Я дзякую, што ты маўчыш, мой сад… Мой сад…\\ \\ 1973 ===== Падобныя старонкі ===== * [[слоўнік/элегія]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-прысніўся-сон]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-элегія]] * [[творы/максім-танк/максім-танк-ой-не-гніце-ветры]] * [[творы/максім-багдановіч/не-кувай-ты-шэрая-зязюля]]