~~META: title = Генадзь Бураўкін — Там, дзе сонца ранняе... &keywords = сонца &abstract = Чытаць верш Генадзя Бураўкіна "Там, дзе сонца ранняе..." &iftrue = nan ~~ ====== Генадзь Бураўкін — Там, дзе сонца ранняе... ====== Там,\\ Дзе сонца ранняе\\ Над лугамі коціцца,\\ Дзе вярба пахілая\\ Ля ракі маркоціцца,\\ Дзе рамонкі белыя\\ Пад нагамі сцелюцца,\\ Дзе яліны стромкія\\ Проста ў неба цэляцца,\\ Дзе над студняй нізкаю\\ Журавель\\ Укленчаны,\\ Дзе лясныя прыцемкі\\ Светлячкамі ўквечаны,\\ Дзе цвыркун за печкаю\\ Аж да рання цікае,\\ Дзе лагода вечная,\\ Як малітва ціхая —\\ Там\\ Пара дзіцячая\\ У закутку месціцца\\ Згубленаю цацкаю,\\ Водбліскамі месяца,\\ Крыўдаю дзяцінаю,\\ Казкаю забытаю...\\ Памяць\\ Павуцінаю\\ Там мой след абблытвае...\\ ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>успаміны-дзяцінства]] * [[творы/уладзімір-жылка/уладзімір-жылка-матылі]] * [[ibdc.ped>сцяжыны-дзяцінства]] * [[ibdc.ped>успаміны-дзяцінства-3476]] * [[творы/анатоль-грачанікаў/анатоль-грачанікаў-развітанне]]