~~META: title = Генадзь Бураўкін — Перасяленне &keywords = бабка &abstract = Чытаць верш "Перасяленне" Генадзя Бураўкіна &iftrue = nan ~~ ====== Генадзь Бураўкін — Перасяленне ====== Вось і прымусіў\\ Раскуты, раз’юшаны атам\\ На развітанне расстайнае\\ Кланяцца пуням і хатам,\\ Кланяцца студням,\\ Дрывотням,\\ Тынам,\\ Азяродам,\\ Зазелянелым садам\\ I засеяным агародам.\\ \\ Вось і настала пара\\ Развітацца\\ З сабакам\\ I з пеўнем,\\ Гэткім вясёлым,\\ Чырвонабародым\\ I спеўным,\\ Моўчкі пагладзіць –\\ Ці ўдасца пабачыцца зноўку? –\\ Дужа слухмяную,\\ З чорным цяляткам,\\ Кароўку…\\ \\ Нехта галосіць.\\ А нехта бязладна ляпеча…\\ Бабка ж Аўдоцця\\ Ніяк не расстанецца з печчу.\\ Перамаўляецца з ёй напаўголаса,\\ Нібы з жывою,\\ I да ляжанкі хінецца\\ Сваёю сівой галавою.\\ \\ – Як жа ты будзеш адна,\\ Без мяне,\\ Мая любка?\\ Ты ж не пліта,\\ Не камін,\\ Не «буржуйка»,\\ Не грубка.\\ Я ж цябе\\ Толькі сухімі дрывамі\\ Паліла\\ I перад святамі\\ Свежаю крэйдай\\ Бяліла.\\ Столькі гадкоў\\ Мы жылі з табой\\ Дружна і міла.\\ Ты мяне грэла,\\ Карміла,\\ Не дужа дыміла.\\ I засланіла не раз\\ Перад смерцю самою.\\ I засталася са мною\\ Сяброўкай маёй\\ I сям’ёю.\\ Мужа забіла вайна,\\ А блакада дзяцей загубіла.\\ У галадуху\\ Радню ўсю\\ Забрала магіла.\\ Толькі з табой\\ I падзелішся\\ Скрухай і горам.\\ Мы і паплачам удзвюх,\\ I паскардзімся,\\ I пагаворым.\\ А вось цяпер\\ I зусім\\ Давякую\\ Адна я.\\ Хто будзе з нас шчаслівейшы,\\ I Бог сам не знае.\\ Перахрышчу я,\\ Дазволь,\\ Цябе тройчы\\ На ростань\\ I абагрэю\\ Здавён прыхаванай\\ Бяростай…\\ \\ Двор свой пакінула бабка\\ Спакойна і смела.\\ Толькі з аўтобуса\\ Доўга\\ На родную вёску глядзела.\\ Бачыўся ёй\\ Пачарнелы ад часу дамок\\ I, як дыханне,\\ Над комінам\\ Сіні дымок.\\ \\ 1988 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-пісьмянкоў/алесь-пісьмянкоў-1986]] * [[творы/артур-вольскі/артур-вольскі-боль-чарнобыля]] * [[творы/мікола-мятліцкі/мікола-мятліцкі-санеты-чарнобыля]] * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/тэма-чарнобыля-ў-беларускай-паэзіі]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-аб-самым-смачным]]