~~META: title = Генадзь Бураўкін — Не ўгонішся ніяк за часам... &keywords = часам, усё &abstract = Чытаць верш Генадзя Бураўкіна "Не ўгонішся ніяк за часам..." &iftrue = nan ~~ ====== Генадзь Бураўкін — Не ўгонішся ніяк за часам... ====== Не ўгонішся ніяк за часам\\ Ні цягніком,\\ Ні на кані.\\ Зноў разбрыліся самапасам\\ Табе адведзеныя дні.\\ \\ За ўсім адразу не паспееш,\\ Жыццё, як воблачка, сплыве.\\ I валасоў, брат, не пасееш\\ На аблыселай галаве.\\ \\ I шчасця хітрую жар-птушку\\ Не зловіш за агністы хвост,\\ Як ні прыладжвай ёй кармушку,\\ Як ні бяжы за ёй наўпрост...\\ \\ Усё будзённей і звычайней,\\ Усё прасцей і весялей.\\ Не варта кідацца ў адчаі,\\ Калі ты сёння не ў сядле.\\ \\ Жыві сваёй галоўнай працай.\\ Трымайся даўніх добрых вех...\\ А што за часам нам не ўгнацца,\\ Дык гэта ўжо такі наш век...\\ \\ 1969 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-гарун/алесь-гарун-жыццё]] * [[творы/леанід-галубовіч/леанід-галубовіч-дзяцінства-пачынаецца-з]] * [[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-жывеш-не-вечна-чалавек]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-бяссмерце]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-казкі-жыцця]]