~~META: title = Генадзь Бураўкін — Неба і зямля &keywords = неба, зямлі, небе, зямля, расу, навекі, смала, знаю, ціхае, любай, хусцінкаю &abstract = Чытаць верш Генадзя Бураўкіна "Неба і зямля" &iftrue = nan ~~ ====== Генадзь Бураўкін — Неба і зямля ====== **I** О неба, зорнае і ціхае, Крыху пабляклае ад сну,\\ Табой, як сіняю хусцінкаю, Я любай плечы ахіну.\\ \\ І на прыжмураныя вейкі,\\ Нібы дрыготкую расу,\\ Парывістым світальным ветрам\\ Я зоркі ўсе твае страсу.\\ \\ Хай, таямнічая і яркая, Са дна вачэй каханых мне\\ Недасягальная Палярная\\ Хоць раз гарэзна падміргне,\\ \\ Хай чохне кроплямі цяжкімі\\ Сузор’е Лебедзя ў жарству...\\ А хочаш – я каханай імем Цябе навекі назаву \\ I на руках насустрач сонцу З каханнем разам панясу,\\ Плячом рассоўваючы сосны,\\ Дыханнем сушачы расу?..\\ \\ О неба, ціхае, світальнае... Мы над шатром тваім стаім\\ З салодкай сённяшняю тайнаю\\ І лёсам заўтрашнім сваім.\\ \\ I недзе ўжо сініца цінькае.\\ I салавей канцэрт пачаў.\\ А ты – блакітнаю хусцінкаю\\ Трымціш у любай на плячах.\\ **II** Няўжо хто верыць, што мы ўсе на небе, Што ў пекле і для нас кіпіць смала?.. Мы на зямлі. Пад Ржэвам і пад Невелем Мы ўсе ў зямлі. I самі ўжо – зямля. \\ Мы па зямлі паўзводна і паротна Ішлі, паўзлі, займалі рубяжы. I падалі на ёй, на нашай роднай, Ні разу не паспеўшы саграшыць.\\ \\ А ў дымным небе «юнкерсы» кружылі.\\ О, каб на небе мы тады былі –\\ Мы б кулакамі крылле ім скрышылі,\\ Мы б іх смалой пякельнай залілі.\\ \\ Хай потым чэрці нам ламалі б рэбры,\\ Хай потым нас засмоктвала б смала...\\ Ды мы ляжым. У кожным воку – неба. А пад плячамі – мулкая зямля. \\ Нас замятае восеньскае лісце.\\ Без нас да зор стартуюць караблі. Мы на зямлі навекі засталіся,\\ Каб вы, жывыя, ў небе пабылі. **III** Зямля здрыганецца нема,\\ Асыплецца яблыняў бель.\\ У неба, у сіняе неба Рванецца і мой карабель.\\ \\ I ў поўныя жудасці нетры\\ Урэжацца, нібы ў забой,\\ Халодныя кіламетры\\ Пакінуўшы пад сабой.\\ \\ Я знаю – ні бога, ні чорта Я там не сустрэну і ўноч,\\ Хоць неба, як сажа, чорнае Застыне ля самых ног.\\ \\ Я знаю... А раптам, можа, За цемрай маўкліваю той –\\ Малочныя рэкі і мора З рыбкаю залатой,\\ \\ I сад у райскіх ранетах,\\ I лес без гадзюк і ваўкоў?..\\ I можна спыніць ракету,\\ I жыць пяць зямных вякоў,\\ \\ Абняўшыся з сонцам і з небам,\\ Ахутаным зорнай луской,\\ Над воблакамі і снегам,\\ Над мітуснёю людской...\\ \\ Нязнаная радасць спакою.\\ Блакітная ў садзе трава...\\ Ды я нецярплівай рукою\\ Рвану паслухмяны штурвал.\\ \\ I сэрца трывожна заные,\\ Калі пад грымучым крылом\\ Лясы і азёры зямныя\\ Зноў лягуць духмяным скрылём.\\ \\ I кінуцца стэпы пад ногі\\ З травою, ад пылу сівой,\\ I неба, такое зямное,\\ Аслепіць мяне сінявой.\\ \\ Запахне аерам і хлебам,\\ Забомкаюць сонна чмялі...\\ Нічога мне ў свеце не трэба –\\ Ні неба, ні зор – без Зямлі. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/якуб-колас/новая-зямля-пытанні-да-раздзелаў-за-стал]] * [[творы/якуб-колас/духоўнае-багацце-чалавека-ў-паэме-новая-]] * [[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-яснасць-на-небе]] * [[ibdc.ped>якое-бывае-неба]] * [[творы/якуб-колас/паэма-новая-зямля-мастацкая-энцыклапедыя]]