~~META: title = Віталь Вольскі — Беларускае мора &keywords = возера, нарач, азёры, называюць, бераг, вады, каменні, ледавіка, азёр, буйныя, ледавік, поўначы, тысяч, знаходзіцца &abstract = Чытаць апавяданне Віталя Вольскага "Беларускае мора" &iftrue = True ~~ ====== Віталь Вольскі — Беларускае мора ====== «Беларускае мора»\\ Мне прыходзяць на памяць гэтыя словы. Так нярэдка называюць Нарач.\\ I сапраўды, гэта – самае вялікае возера Беларусі.\\ Плошча яго – восемдзесят квадратных кіламетраў. Найбольшая глыбіня – пяцьдзесят метраў. Знаходзіцца яно на паўночным захадзе Мінскай вобласці.\\ Нарач адносіцца да азёр, якія не зарастаюць раслінамі. Вада ў гэтых азёрах чыстая. багатая на кісларод. Такія вялікія і глыбокія азёры называюцца алігатрофнымі. У іх адбываецца безупынны рух вады ад ветру і ад глыбінных плыняў. Дзякуючы гэтаму прыбярэжная паласа не ператвараецца ў балота і возера застаецца чыстае і адкрытае. Над Нараччу амаль заўсёды дзьмуць вятры.\\ Паўночныя і паўночна-ўсходнія берагі Нарачы ўзвышаныя, паўднёвыя і заходнія – нізкія.\\ На паўднёвым усходзе з возера выцякае рэчка Нарач, якую мясцовыя жыхары называюць Нарачанкай. Звілістай стужкай прабіраецца яна сярод топкага балота, якое зарасло хмызняком і чаротам, у раку Вілію, прыток Нёмана.\\ На поўначы бераг возера закругляецца, набываючы правільную форму чашы, да краёў напоўненай вадою. З усходняга боку віецца паўз возера дарога, абапал якой высяцца сосны, расце ядловец. Справа – цягнецца цудоўны сухі і вясёлы сасновы бор. Злева – наступаюць на бераг хвалі.\\ На паўднёвым беразе лясоў няма. Да вады спускаюцца спадзістыя ўзгоркі. На іх расце толькі трава. Бераг нізкі, з зараснікамі трысця і чароту.\\ На ўсходзе возера Нарач злучаецца вузкім пралівам між пясчаных кос з возерам Мястра, плошча якога – трынаццаць квадратных кіламетраў. Непадалёку знаходзіцца возера Мядзель і маленькае возера Баторын.\\ З вяршыні кургана каля вёскі Мікольцы можна ўбачыць усе гэтыя азёры Нарачанскай групы.\\ Паўночную частку Беларусі нездарма называюць краем блакітных азёр. На поўнач ад Нарачы іх налічваецца некалькі тысяч, і малых, і вялікіх. Усе яны ўзніклі дваццаць – дваццаць пяць тысяч гадоў назад.\\ Вучоныя лічаць, што магутны ледавік, насунуўшыся ў чацвёрты раз з гор Скандынаўскага паўвострава, пакрыў усю гэтую мясцовасць пластом лёду таўшчынёю ў сотні метраў. Рухаючыся з поўначы на поўдзень, вялікія масы лёду драбнілі цвёрдыя пароды, цягнулі іх з сабою і пакідалі на сваім шляху буйныя валуны. дро6ныя каменні, гліну і пясок. З матэрыялаў, прыцягнутых ледавіком, утварыліся марэны – высокія грады абломкаў горных парод. Пры гэтым узгоркі чаргаваліся і глыбокімі лагчынамі.\\ Калі ледавік пачаў раставаць, частка вады затрымалася ў лагчынах і нізінах, утварыўшы азёры. У спадчыну ад ледавіка засталіся не толькі гэтыя блакітныя азёры, не толькі шматлікія каменні на палях, але і прыгожы, хвалісты рэльеф мясцовасці.\\ Марэнныя грады былі прыроднымі плацінамі, якія затрымалі расталую ваду ледавіка. Яны ўтварылі найбольш буйныя азёры, у тым ліку і Нарач – «Беларускае мора». ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>ноччу-на-нарачы]] * [[ibdc.ped>на-беразе-нарачы]] * [[ibdc.ped>пра-возера-нарач]] * [[ibdc.ped>нарачанская-легенда]] * [[творы/максім-лужанін/максім-лужанін-запрашэнне-на-возера-нара]]