~~META: title = Мастацкія асаблівасці п’есы «Пінская шляхта» &keywords = шляхта, пісьменнік, пратасавіцкага, канфлікт, дуніна-марцінкевіча, сацыяльны, закон, словы, ціхона, асэсар, людзей &abstract = Мастацкія асаблівасці п’есы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» &iftrue = nan ~~ ====== Мастацкія асаблівасці п’есы «Пінская шляхта» ====== Жанр п’есы «Пінская шляхта» аўтар вызначыў як фарс-вадэвіль. Рысы гэтых жанравых форм (шаржыраваны, гратэскавы паказ персанажаў, адкрытыя самахарактарыстыкі, нечаканасці, што падпільноўваюць герояў, устаўныя куплеты і рамансы) у творы прысутнічаюць. Аднак бытавы канфлікт, характэрны для вадэвілю, у п’есе В. Дуніна-Марцінкевіча перарастае ў сацыяльны.\\ Пісьменнік едка высмейвае царскі суд. Тыя, хто павінен ахоўваць законы і строга іх прытрымлівацца, першымі ж іх парушаюць. Народ даўно заўважыў здольнасць чыноўнікаў выкарыстоўваць законы ў сваіх інтарэсах. Стары кавалер Куторга, які ў п’есе сыпле прыказкамі і прымаўкамі, на словы Ціхона Пратасавіцкага, што асэсар абдзярэ як ліпку, гаворыць: «Вот дзіва, – на то ён і асэсар! Заўваж толькі – у яго і рукі даўжэй, як у другіх людзей. Ты ведаеш яго прыпавесць: чырвонае – белае ўсё перадзелае». Добра вывучыўшы норавы і звычкі служкаў самадзяржаўя, просты люд разам з тым можа ад іх хіба што адкупіцца, але не абараніцца. Горкая іронія гучыць у спевах Куторгі:\\ Гдзе ўнадзіцца юрыста,\\ Вымеце хату дачыста.\\ Сатырычнымі фарбамі пісьменнік малюе таксама вобразы шляхты, найперш Ціхона Пратасавіцкага і Івана Цюхай-Ліпскага. Для гэтых людзей, якія ні адукацыяй, ні звычаямі, ні ладам жыцця не адрозніваюцца ад сялян, найвялікшая абраза, калі хто назаве «мужыком». Зганьбаваны Ліпскім шляхецкі гонар Пратасавіцкі бароніць кулакамі. У канцы п’есы аналагічна дзейнічаюць Альпенскі і Статкевіч. Пісьменнік смяецца над пыхлівасцю правінцыяльнай шляхты, для якой каштоўнасцю здаецца не чалавечая прыстойнасць і годнасць, а забабонны гонар, прыналежнасць да пэўнага саслоўя.\\ Востры сацыяльны канфлікт у п’есе не здымаецца штучнай перамогай дабра над злом, што назіралася ў ранейшых творах В. Дуніна-Марцінкевіча. Кручкоў мірыць Пратасавіцкага і Ліпскага. Аднак з ім ніяк не стасуецца роля мудрага і справядлівага бацькі (ці начальніка), які вучыць розуму сваіх дзяцей. Яго словы – «Вы думаеце, што мне міла паняверыць кроў шляхецкую? Я ж сам шляхціц, вам родны, але што рабіць? Служба – не дружба» – няшчырыя. Кручкоў не толькі нахабны, але і двулікі чалавек, які з карысцю для сябе выкарыстоўвае заганы і слабасці іншых. У апошнім акце п’есы ён сам зводзіць шляхціцаў, каб праз нейкі час зноў правесці «харошае жніво».\\ «Вострае і смелае выкрыццё адмоўных з’яў, паспяховы подступ да аналітычнага раскрыцця і індывідуалізацыі чалавечых характараў даюць поўнае права назваць гэты твор сатырычнай камедыяй, а яе аўтара – заснавальнікам беларускай камедыёграфіі», – лічыць В. Жураўлёў. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/вінцэнт-дунін-марцінкевіч/творчасць-вінцэнта-дуніна-марцінкевіча]] * [[творы/вінцэнт-дунін-марцінкевіч/пінская-шляхта-скарочана-па-з-явах]] * [[творы/вінцэнт-дунін-марцінкевіч/вінцэнт-дунін-марцінкевіч-пінская-шляхта]] * [[аналіз-і-крытыка/крытыка-царскай-судовай-бюракратыі-ў-кам]] * [[творы/вінцэнт-дунін-марцінкевіч/вінцэнт-дунін-марцінкевіч-пінская-шляхта-93]]