~~META: title = Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — Пінская шляхта &keywords = Вінцэнт, Дунін, Марцінкевіч, пінская, шляхта, Пратасавіцкі &abstract = Ідэйны змест п'есы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча "Пінская шляхта" &iftrue = nan ~~ ====== Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — Пінская шляхта ====== Яркім прыкладам таго, як светапогляд вызначае дзейнасць чалавека наогул і пісьменніцкую ў прыватнасці, як эвалюцыя, што адбылася ў свядомасці чалавека, можа каранным чынам змяніць накірунак яго дзейнасці, з'яўляецца п'еса «Пінская шляхта». Надзеі, якія ўскладаў [[постаці/вінцэнт-дунін-марцінкевіч|Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч]] на рэформу 1861 г., не спраўдзіліся. Да таго ж пісьменнік больш за год знаходзіўся пад следствам у мінскай турме па падазрэнні ва ўдзеле ў паўстанні 1863 г. і на горкім вопыце пераканаўся, што «не надта свабодна ў гэтай свабодзе» ([[постаці/францішак-багушэвіч|Францішак Багушэвіч]]). І творчасць яго з ідылічнай, рамантычнай становіцца не проста рэалістычнай, а рэзка сатырычнай, аблічальнай. Пра тое, куды патрапіла зброя сатырыка, яскрава сведчыць рэакцыя віленскага губернатара на спробу надрукаваць у 1890 г. «Пінскую шляхту». Здавалася б, такая смешная камедыя, з куплетамі, з любоўнай інтрыгай (дзве сям'і варагуюць, a дзеці ворагаў пакахалі адно аднаго і хочуць пажаніцца), але губернатар рашуча запратэставаў. Ён заявіў, што твор, дзе «ў неприглядным выглядзе паказана асоба станавога прыстава, які пры гэтым усюды называецца «найяснейшая карона», друкаваць нельга. Некаторыя і сёння усведамляюць гэты твор як сатыру «не толькі на станавога прыстава, але і на ўсю сістэму царскага суда і законнасці». Не, гэта сатыра і адмаўленне не толькі «сістэмы суда», а самой сістэмы самаўладства. A «сістэма суда» як мішэнь — гэта толькі прыём, якім зручней паказаць нежыццяздольнасць, асуджанасць усёй імперскай сістэмы. Нагадаем, што такі прыём ужо быў рэалізаваны ў рускай літаратуры. Сучаснік Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Дз. І. Фанвізін паказаў крах сістэмы праз адзін з яе найбольш важных інстытутаў — праз адукацыю. Фанвізінскі Мітрафанушка не толькі смешны, а знакавы для ўсёй сістэмы, бо адукацыя, яе стан — люстэрка грамадства і дзяржавы наогул. Суд і наогул органы правасуддзя — таксама люстэрка любой дзяржаўнай машыны, толькі, бадай, яшчэ большае памерам, бо гэтыя органы непасрэдна забяспечваюць яе жыццядзейнасць. Пераканальнасць гэтага сцверджання выверым, звярнуўшыся да паэмы «[[творы/мікола-гусоўскі/мікола-гусоўскі-песня-пра-зубра|Песня пра зубра]]» М. Гусоўскага, дзе зроблены акцэнт на ўвагу і клопат князя Вітаўта менавіта пра гэты інстытут дзяржаўнасці: Прагнасць нажыцца пад шыльдаю варты закона, Сквапнасць — загрэбці кавалак у бліжняга з рота — Ён тыранічнымі сродкамі так пратараніў, Што на вякі нават завад іх вывеўся ў княстве. Кім бы і чым бы ні быў ён пры іншых заслугах, Нават за гэта адно я пяю яму славу. Зусім іншую «славу» рэжыму «праспяваў» сваёй камедыяй «Пінская шляхта» Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Нотамі ў гэтай «песні» з'яўляюцца жанравыя асаблівасці твора. Сам камедыёграф вызначыў яго жанр як фарс-вадэвіль. Вызначальнае ў камедыі — фарсавае, гратэскавае, моцнае, часам даведзенае да абсурду, адлюстраванне рэчаіснасці. Настолькі моцнае, што мяжуе з фантастыкай. «Такога не можа быць!» — усклікне чытач, пабыўшы сведкам «скорага і справядлівага» суда «найяснейшай кароны». «Такое, на жаль, было ці бывае», — прыйдзе чытач да высновы, калі яму адкрыецца глыбокі сэнс самых смелых гратэскавых збудаванняў. У сюжэце гэтага твора абсурднае, бадай, усё, акрамя любоўнай інтрыгі, што пакладзена ў яго аснову. Абсурдны канфлікт, з-за якога «заварылася ўся гэта каша»: Іван Цюхай-Ліпскі назваў Ціхона Пратасавіцкага мужыком. Такой абразай «гонару» нанесена «смяротная» крыўда. Пыхлівыя шляхціцы аб'явілі вайну адзін аднаму — і каша заварылася. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — выдатны майстар стварэння эфекту абсурду. Эфект дасягаецца найперш камічнымі сітуацыямі, якія выдатна вызначаюць цану «гонару і годнасці» пыхлівых шляхціцаў. Кручкоў назначае Ціхону Пратасавіцкаму «как угалоўнаму прэступніку» «25 лоз на голой земле без дывана» (вядома ж, які дыван таму, каго абазвалі мужыком!); Івану Цюхаю-Ліпскаму, «как нанёсшаму лічнае аскарбленіе Протасавіцкаму», «15 лоз на дыване». Да ўсяго ж і штрафы заплацілі «в пользу врэменнаго прысуцтвія». Але самым вялікім выдаткам для сябе з усяго гэтага «дзела» Ціхон лічыць той, што кару давядзецца адбываць на сырой зямлі: «Даў бы сто рублёў, каб дыван падаслалі». Вось такое бязладдзе, што заўсёды ідзе ад безгалоўя, паказана ў сатырычнай камедыі. Мы яшчэ раз пераконваемся, што канфлікты і страсці чалавечыя заўсёды такія, якія самі людзі. Паражэнне паўстання [[постаці/кастусь-каліноўскі|Кастуся Каліноўскага]] выявіла да ўсяго яшчэ і поўнае банкруцтва шляхты як грамадскай сілы. А паказаная Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам шляхта была наогул самай інертнай і кансерватыўнай часткай грамадства. Клопаты і страсці, якія валодалі шляхтай, выдатна яе характарызуюць. Але самым гратэскавым у п'есе з'яўляецца вобраз Кручкова. Гэта здзеклівая пародыя на правасуддзе. Прыёмам давядзення ўчынкаў галоўнага героя да абсурду («свідзецелям, каторыя відзелі драку і не разнялі дзерушчыхся, — пa 10 лоз на дыване і пa 10 руб. штрафа в пользу врэменног о прысуцтвія; всей прочэй шляхце, которая не відзела дракі, за то, што не відзела, а цем самым не магла і разняць дзерушчыхся — па 5 лоз на дыване і па 5 руб. штрафа...») сатырык дасягае ўжо зусім іншага эфекту. Гэта ўжо нават не смешна, бо ў чытача ўзнікае пытанне: a суддзі хто? А ад гэтага пытання адзін крок да ўсведамлення, што сістэма, улада, у якой такія, з дазволу сказаць, «слугі», не толькі не мае права на існаванне, але і асуджана на крах. Сістэма, якой служаць прайдзісветы, авантурысты, хабарнікі і невукі, рана ці позна павінна абваліцца. Кручкоў нават не ведае, колькі дзён у месяцы, блытае ўказы, правіцеляў і нават эпохі: «марта 69-га дня», «49-га апрэля», Екацярына Вялікая, паводле яго «вучонасці», царавала ў 1903 годзе. Якая ўлада - такія і слугі; і наадварот гэты алгарытм таксама правільны. Нездарма ж Кручкоў увесь час падкрэслівае, што ён дзейнічае ад імя «найяснейшай кароны». Заслуга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча як драматурга заключаецца яшчэ і ў тым, што ён персаніфікаваў мову дзеючых асоб. Мова кожнага персанажа індывідуальная і служыць выдатным сродкам яго характарыстыкі. Духоўная абмежаванасць, грубасць Ціхона Пратасавіцкага і Івана Ліпскага выяўлены не толькі ў камічных сітуацыях, але і праз іх мову, любімыя іx слоўкі: «хрэн табе ў вочы», «чортаў сын», «сабака». Зусім іншая мова Куторгі — «хітрага ліса», што перахітрыў самога сябе і «ўехаў у нерат — ні ўзад, ні ўперад». Пацярпеўшы фіяска, Куторга самакрытычна зазначае: «Які тут у чорта розум, калі так неасцярожна папаўся ў бяду, вось швед пад Палтавай!» Усё сваё пісьменніцкае і чалавечае захапленне найбагацейшым скарбам народным — мовай — Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч выявіў праз вобраз Куторгі. Мова яго надзвычай багатая на трапныя народныя залацінкі: «млын меле — мука будзе, язык меле — бяда будзе»; «здаровы, як рыжык баровы». І куплеты Куторгі — таксама фальклорная [[слоўнік/рэмінісцэнцыя|рэмінісцэнцыя]], што з'яўляецца яшчэ адным сведчаннем увагі пісьменніка да творчасці народа і шырокага выкарыстання фальклору ва ўласных творах. Гэта адна з асаблівасцяў творчага метаду пісьменніка. Мова Кручкова такая ж вычварная, скалечаная, як і яго душа. Нахабству і цынізму яго няма межаў. І каб паддаць больш жару, каб яшчэ больш запалохаць і без таго запалоханую шляхту, ён свае «ўказы і законы» стараецца выдаць на «панскай» мове, каб уразіць усіх яшчэ і сваёй вучонасцю. Але мова яго — найгоршы з варыянтаў так званай «трасянкі». Традыцыі Вінцэнта. Дуніна-Марцінкевіча ў абмалёўцы вобразаў з дапамогай персаніфікаванай мовы прадоўжылі [[постаці/янка-купала|Янка Купала]], [[постаці/кандрат-крапіва|Кандрат Крапіва]], [[постаці/андрэй-макаёнак|Андрэй Макаёнак]]. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч вельмі ўдала выкарыстаў у п'есе жанравыя асаблівасці [[слоўнік/вадэвіль|вадэвіля]], каб не толькі надаць свайму твору сацыяльную значнасць, палітычнае гучанне, але і зрабіць яго цікавым, вясёлым. Пад пяром майстра даволі банальны сюжэт набыў нацыянальную афарбоўку. Вырашэнне ж канфлікту бацькоў і дзяцей іншымі сродкамі і іншым шляхам (скажам, у духу Шэкспіра) не толькі дысанавала б жанру твора, паграшыла б супроць праўды жыцця, але і супярэчыла б гуманістычным прынцыпам самога пісьменніка. Змагацца за сваё шчасце па-іншаму — не толькі з бацькамі, але і з кручковымі! — было немагчыма. Цынічнай рэплікай Кручкова ў фінале п'есы — «Я вам родны, я вам брат» — пісьменнік папярэджвае і пра небяспечнасць такіх «братоў», што толькі і чакаюць зручнага моманту, каб «абдзерці ўсіх дачыста». А момант такі справакаваны зноў тымі ж «юрыстамі». Куплетам Куторгі і яго ўступам: «Добра прыпавесць кажа: пінска шляхта як нап'ецца, то напэўна падзярэцца» п'еса і заканчваецца. Статкевічаў і альпенскіх вайна паміж Ліпскім і Пратасавіцкім за «гонар» не навучыла нічому. А раз так — зноў «будзе добрае жніво» для кручковых і пісулькіных. Усё паўторыцца зноў! Развязка камедыі выпісана драматургам з не меншым майстэрствам, чым [[слоўнік/экспазіцыя|экспазіцыя]], [[слоўнік/завязка|завязка]] і [[слоўнік/кульмінацыя|кульмінацыя]]. ===== Падобныя старонкі ===== * [[аналіз-і-крытыка/крытыка-царскай-судовай-бюракратыі-ў-кам]] * [[творы/вінцэнт-дунін-марцінкевіч/пінская-шляхта-скарочана-па-з-явах]] * [[творы/вінцэнт-дунін-марцінкевіч/вінцэнт-дунін-марцінкевіч-пінская-шляхта-93]] * [[творы/вінцэнт-дунін-марцінкевіч/мастацкія-асаблівасці-п-есы-пінская-шлях]] * [[творы/вінцэнт-дунін-марцінкевіч/творчасць-вінцэнта-дуніна-марцінкевіча]]