~~META: title = Віктар Гардзей — Ночы і цямнелі, і журыліся... &keywords = пялёсткі, яблыня, сусвету, няхай, зямлі, зорныя, кружацца &abstract = Чытаць верш Віктара Гардзея "Ночы і цямнелі, і журыліся..." &iftrue = nan ~~ ====== Віктар Гардзей — Ночы і цямнелі, і журыліся... ====== Ночы і цямнелі, і журыліся.\\ Толькі ж раптам пробліскі святла:\\ Зорныя пялёсткі закружыліся –\\ Яблыня Сусвету зацвіла!\\ \\ З вышыні пялёсткі ціха падаюць\\ На лугі, на лес, на сіні плёс.\\ Да людзей прыходзь ты са спагадаю,\\ Неспакойны і суровы лёс.\\ \\ Ствол такі шурпаты Шляху Млечнага, –\\ На зямлі пусціў ён карані.\\ Добрага, разумнага і вечнага\\ Не згараць зярняты і ў агні.\\ \\ З вераб’ём, і з салаўём, і з зяблікам\\ Яблыня Сусвету даражэй.\\ Поўня даспявае жоўтым яблыкам,\\ Да зямлі схіліўшыся ніжэй.\\ \\ I няхай ад шчасця вочы мружацца,\\ I няхай без жалю і слаты\\ Над планетай кружацца і кружацца\\ Зорныя пялёсткі дабраты.\\ \\ Крыніца: Галасы вёснаў: Сучасная беларуская паэзія / Уклад. А. І. Бельскі, У. А. Дзіско; – Мінск: Полымя, 1997. – 318 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/віктар-гардзей/віктар-гардзей-лясная-трывога]] * [[творы/віктар-гардзей/віктар-гардзей-падарожжа-ў-цельшына]] * [[творы/віктар-гардзей/віктар-гардзей-старыя-жорны]] * [[творы/віктар-гардзей/віктар-гардзей-бедная-басота-урывак]] * [[творы/віктар-гардзей/віктар-гардзей-каламутная-вада]]