~~META: title = Віктар Гардзей — Лясная трывога &keywords = насарог, белабока, сарока &abstract = Чытаць верш Віктара Гардзея "Лясная трывога" &iftrue = nan ~~ ====== Віктар Гардзей — Лясная трывога ====== Між звяроў пайшла трывога,\\ Бо сарока зноў трашчыць:\\ – Бачу, бачу насарога,\\ Востры рог яго тырчыць.\\ \\ «Ён жа нас усіх раструшчыць! –\\ Дзікі жах бярэ звяроў. –\\ Насарог у нашай пушчы.\\ Ці не з Афрыкі прыйшоў?»\\ \\ А сарока балабоніць:\\ – Вунь на сцежцы насарог.\\ Уцякайце, бо дагоніць,\\ Мае ён тры пары ног!\\ \\ Хто ў імху,\\ А хто ў балоце –\\ Пахаваліся звяры.\\ Страх ваўкоў ажно калоціць,\\ I дрыжыць ліса ў нары.\\ \\ Белабока з усёй сілы\\ На кусце лазы крычыць:\\ – Насарог той мае крылы,\\ Як захоча – паляціць!\\ \\ Гэту вестку як пачулі,\\ Паўцякалі хто куды\\ Казадоі і зязюлі,\\ Курапаткі і дразды.\\ \\ Толькі зай пытае строга: –\\ Што яшчэ за насарог!\\ Ці ж бывае ў насарога\\ Два крылы, шасцёра ног?\\ \\ Белабокая сарока\\ Захіхікала ў лазе:\\ – То не з Афрыкі далёкай\\ Гэты насарог паўзе...\\ \\ I ў звяроў прайшла трывога.\\ Вылезлі яны з бярлог:\\ З чорнай спінкай,\\ З вострым рогам\\ Міма поўз жук-насарог... ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/ян-баршчэўскі/белая-сарока]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-сарочыны-блінцы]] * [[ibdc.ped>сарока-нянька]] * [[творы/віктар-гардзей/віктар-гардзей-сарочына-цырульня]] * [[ibdc.ped>сарока-белабока]]